Госць (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 16 из 19

Яго вар'явала гэта дурное забойства, але выдаць араба палiцыi было здрадай гонару, пры адной толькi думцы пра гэта ён шалеў ад абурэння i праклiнаў усiх: i сваiх - за тое, што яны падкiнулi яму гэтага араба, i араба - за тое, што ён адважыўся забiць i не здолеў уцячы. Дару ўстаў, прайшоўся кругам па пляцы, пастаяў яшчэ нейкi час i нарэшце зайшоў у школу.

Пад павеццю, схiлiўшыся над цэментаванай падлогай, араб двума пальцамi чысцiў зубы. Дару паглядзеў на яго i сказаў: "Хадзi". Арыштаваны падыбаў за iм у пакой. Настаўнiк нацягнуў паверх нацельнiка паляўнiчую куртку, надзеў паходныя чаравiкi, выпрастаўся i стаў чакаць, пакуль араб закруцiць свой турбан i прывяжа на ногi шлапакi. Потым яны зайшлi ў клас, i настаўнiк, паказаўшы свайму спадарожнiку на дзверы, сказаў: "Iдзi". Той не варухнуўся. "Я даганю", - сказаў Дару. Араб выйшаў. Дару вярнуўся ў пакой, узяў мяшэчак i паклаў у яго сухароў, смокваў i цукру. Потым на нейкую секунду нерашуча затрымаўся каля пiсьмовага стала, але павярнуўся, пераступiў цераз парог i замкнуў дзверы. "Нам тудой", - сказаў ён арабу i рушыў на ўсход, арыштаваны пайшоў за iм. Але калi яны трошкi адышлiся, настаўнiку здалося, што ззаду пачуўся нейкi шум. Ён вярнуўся да школы i агледзеў усё вакол будынка: нiкога не было. Араб глядзеў на яго i, вiдаць, не разумеў, што здарылася. "Хадзем", сказаў Дару.

Яны iшлi ўжо гадзiну i нарэшце спынiлiся перадыхнуць пад спiчастай вапняковай скалой. Паўсюль хутка раставаў снег, сонца iмгненна высмоктвала лужыны i на вачах падмятала ўзгор'е, якое патроху сохла i пачынала дрыжаць у сонечных промнях, як i само паветра. Калi яны зноў рушылi ў дарогу, зямля звiнела ў iх пад нагамi. Час ад часу, з радасным крыкам разразаючы паветра, перад iмi праляталi птушкi.

|< Пред. 14 15 16 17 18 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]