Госць (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 3 из 19

З Францыi цяпер прыходзiлi караблi са збожжам, i самае цяжкае ўжо засталося ззаду. Але забыцца на гэтую галечу, на гэтыя натоўпы прывiдаў у рыззi, якiя бадзялiся па спаленых сонцам, згалелых узгор'ях, дзе глеба трэскаецца i пражыцца ад спёкi, а камень пад нагой ператвараецца ў пыл, - забыцца на ўсё гэта было немагчыма. Авечкi тады гiнулi тысячамi, памiралi i людзi - тут i там, паўсюль, хоць паведамлялi пра гэта не заўсёды.

У гэтай занядбанай школе ён жыў амаль як манах, зрэшты, задаволены сваiм суровым жыццём i тым малым, што ў яго было. А цяпер, калi паўсюль была такая галеча, ён наогул адчуў сябе панам, маючы чатыры мураваныя сцяны, вузкую канапу, палiцы з габляваных дошак, студню i штомесячнае забеспячэнне ежай i пiтною вадой. I вось раптам - гэты снег, без папярэджання, без дажджу, са спёкi ў холад. Такая гэта была краiна - жорсткая сама па сабе, нават без тых людзей, што яе насялялi, хоць i з людзьмi было не лягчэй. Але Дару тут нарадзiўся. I ў любым iншым месцы ён адчуваў бы сябе ў выгнаннi.

Ён выйшаў на пляц перад школай. Двое былi ўжо на сярэдзiне схiлу. Ён пазнаў коннiка, гэта быў стары жандар Бальдучы, з якiм настаўнiк даўно быў знаёмы. На доўгай вяроўцы Бальдучы вёў араба, якi iшоў ззаду са звязанымi рукамi, апусцiўшы галаву. Жандар прывiтаўся жэстам, але Дару не адказаў, пiльна прыглядаючыся да незнаёмага. Араб быў апрануты ў доўгi, некалi сiнi халат, на нагах паверх шкарпэтак з грубай нячэсанай воўны былi прывязаныя шлапакi, а галаву абвiнаў вузкi кароткi шматок анучы. Яны рухалiся марудна, Бальдучы прытрымлiваў каня, каб не паранiць араба.

|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]