Госць (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 4 из 19



Калi яны наблiзiлiся настолькi, што можна было пачуць словы, Бальдучы крыкнуў: "Цэлую гадзiну ўбiў, каб прайсцi тры кiламетры ад Эль-Амёра!" Дару не адказаў. Ён стаяў, квадратны i каржакаваты ў сваiм вязаным нацельнiку, i глядзеў, як яны падымаюцца па схiле. Араб нi разу не ўзняў галавы. "Прывiтанне, - сказаў Дару, калi яны падышлi да пляца. - Хадзiце пагрэйцеся". Не выпускаючы вяроўкi, Бальдучы марудна злез з каня. Ён усмiхнуўся настаўнiку сваiмi натапыранымi вусамi. Яго маленькiя цёмныя вочкi пад навiслым смуглявым iлбом i пасечаны зморшчынамi рот надавалi яму руплiвы i ўважлiвы выгляд. Дару ўзяў лейцы, завёў каня пад павець i вярнуўся да прышлых, якiя ўжо чакалi яго ў школе. Ён правёў iх у пакой. "Зараз напалю ў класе, - сказаў ён. - Там будзе лацвей". Калi настаўнiк вярнуўся ў пакой, Бальдучы сядзеў на канапе. Ён ужо развязаў вяроўку, на якой прывёў араба, i цяпер той мясцiўся на кукiшках каля грубкi i глядзеў у акно. Рукi ў яго былi па-ранейшаму звязаныя, накручаная на галаву ануча з'ехала на патылiцу. Спачатку Дару ўбачыў толькi яго вялiзныя вусны, тоўстыя i гладкiя, амаль як у мурына, аднак нос быў прамы i вочы блiшчалi, нiбы ў лiхаманцы. З-пад турбана вiдаць быў упарты лоб, i ўвесь яго твар, прапалены сонцам i крыху збялелы на холадзе, выяўляў адначасна трывогу i непакорнасць. Араб павярнуўся i глянуў настаўнiку проста ў вочы. Яго выгляд уразiў Дару. "Iдзiце туды, - сказаў ён, - я зараз зраблю вам гарбаты з мятай". - "Дзякуй, - адказаў Бальдучы. - Ну i работка, лiха яе. Хутчэй бы ўжо пенсiя".

|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]