Госць (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
5 из 19
I ён звярнуўся па-арабску да арыштанта: "Гэй ты, хадзем". Араб устаў i, трымаючы перад сабой звязаныя кулакi, паволi пайшоў у клас.
Разам з гарбатай Дару прынёс адно крэсла. Але Бальдучы ўжо сядзеў за першай вучнёўскай партай, а араб тулiўся каля настаўнiцкага памоста, павярнуўшыся тварам да печкi, што стаяла памiж пiсьмовым сталом i акном. Падаючы арыштанту шклянку з гарбатай, Дару збянтэжана зiрнуў на яго звязаныя рукi. "Можа, яго ўжо развязаць?" - "Вядома, - адгукнуўся Бальдучы. - Гэта я толькi так, на дарогу". Ён ужо хацеў быў падняцца. Але Дару паставiў шклянку на падлогу i ўкленчыў перад арабам. Той моўчкi глядзеў на яго сваiмi лiхаманкавымi вачыма. Калi рукi вызвалiлiся, араб пацёр набраклыя запясцi, узяў шклянку i пачаў сёрбаць пякучую гарбату хапаткiмi глыткамi.
- Так, - сказаў Дару. - Ну i куды гэта вы кiруеце?
Бальдучы выцягнуў вусы са шклянкi:
- Сюды, сынку..
- Вось дык вучнi! Будзеце тут начаваць?
- Не. Я зараз вяртаюся ў Эль-Амёр. А ты даставiш таварыша ў Тынгiт. Там яго чакаюць у акруговым судзе.
Бальдучы глядзеў на Дару з лёгкай сяброўскай усмешкай.
- Ты што гэта надумаў? - сказаў настаўнiк. - Ты часам не кпiш з мяне?
- Не, сынку. Такi загад.
- Загад? Ды я ж не... - Дару запнуўся, ён не хацеў пакрыўдзiць старога карсiканца. - Урэшце, гэта не мой абавязак.
- Гэх! Ну дык што з таго? На вайне даводзiцца выконваць усе абавязкi.
- Тады я пачакаю, пакуль аб'явяць вайну.
Бальдучы пакiваў галавой.
- Добра.
|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|