Падзенне (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 84 из 117

Але зрэдку я ўсё яшчэ выступаў у судзе. Часам я нават забываўся, што болей не веру таму, што кажу, i тады прамовы ў мяне выходзiлi вельмi ўдала. Я запаляўся ад гуку свайго ж голасу i ляцеў за iм; праўда, я ўжо не лунаў, як раней, пад скляпеннем, я адно крыху адрываўся ад зямлi - ляцеў на брыючым палёце. Па-за сценамi суда я рэдка з кiм сустракаўся i падтрымлiваў хiба адну-дзве сяброўскiя сувязi, якiя мне даўно ўжо абрыдлi i ледзьве лiпелi. Часам, зрэшты, я цэлы вечар мог правесцi ў сяброўскай кампанii (я маю на ўвазе кампанiю, у якой у мяне не ўзнiкала нiякага пажадлiвага пачуцця), але гэта наганяла на мяне такую нуду, што я нават не слухаў, што мне казалi. Я трошкi памажнеў, i гэта дало мне падставу паверыць, што крызiс нарэшце мiнуў. Цяпер заставалася толькi старэць.

Але здарылася нечаканае. Каб адсвяткаваць сваё адраджэнне, я запрасiў у вандроўку па Атлантыцы адну з сваiх сябровак. Вядома, я не сказаў ёй пра сапраўдную мэту гэтай паездкi. Мы мiла прагульвалiся, натуральна, па верхняй палубе карабля, i раптам я заўважыў удалечынi сярод шэра-сталёвых хваляў чорную кропку. Я адразу адвёў вочы, маё сэрца шалёна затахкала. I я доўга не мог прымусiць сябе паглядзець у той бок, а калi паглядзеў - кропка некуды знiкла. Я хацеў быў ужо закрычаць, як вар'ят, паклiкаць на дапамогу, але ўбачыў яе зноў. Гэта быў звычайны абломак бервяна, якiя часта сустракаюцца ў моры. I ўсё ж я не мог глядзець на яго спакойна, мне здавалася, што гэта тапелец.

|< Пред. 82 83 84 85 86 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]