Паляыничы (на белорусском языке) :: Олдридж Джеймс
Страница:
102 из 256
Па гэтым ручаi Рой спускаўся на поўдзень да свайго апошняга возера, якое ён назваў Пiт-Пiт, згодна са своеасаблiвым гукам, з якiм рэчка ўлiвалася ў азёрную ваду. Адсюль, каб дабрацца да хацiны, яму заставалася пераадолець яшчэ адзiн хрыбет, тым самым замкнуўшы круг цi квадрат маршруту на ўсход, поўнач, захад, поўдзень i зноў на ўсход. Як правiла, абыход усяго ланцуга пастак займаў пяць-шэсць дзён. На гэты раз ён вырашыў зрабiць iнакш. Для пачатку ён праплыў як звычайна да ўсходняга канца возера Т, правяраючы пасткi на норак, некаторыя здымаючы, iншыя нанава зараджаючы, - як i тыя, што напярэдаднi паставiў са Скоцi. У самым канцы возера Т ён зацягнуў човен пад вялiзную ўпалую сасну, прыкрыў яго галiнкамi, а затым расклаў цяпельца, каб згатаваць сняданак. Наеўшыся хлеба са свiнiнай i запiўшы салодкiм чаем, ён закiнуў за спiну важкi мех i пайшоў не на поўнач, а на ўсход i iшоў на ўсход амаль паўдня, пакуль не дасягнуў плыткай, з парогамi, рачулкi. На тым беразе яе была хацiна, i калi Рой уброд перабраўся да яе, яго сустрэла браханне сабак, кудахтанне перапалоханых курэй i, нарэшце, высокi худы iндзеец.
- Хэло, Рой, - сказаў iндзеец.
- Хэло, Боб, - сказаў Рой.
Iндзеец Боб: яго назвалi так таму, што сапраўднае iмя было занадта складанае. Рой ведаў яго i ахвотна называў бы Боба па iменi, радуючыся таму, як яно гучыць - Хома-Хоманi: першая хмурынка на небе, - але гэтае iмя Боба было не для белага, няхай сабе i для Роя.
Бо нават маленькая бронзаватварая iндыянка - яго жонка - зараз называла яго Боб.
|< Пред. 100 101 102 103 104 След. >|