Паляыничы (на белорусском языке)   ::   Олдридж Джеймс

Страница: 112 из 256



Усё пачалося з невялiкай завiрухi i парывiстага паўночнага ветру. Чысты раннi сняжок пасцiлкай лёг на лес, азёры i хрыбты гор, i ўжо з гэтага снегападу ў далiнах утварылiся гурбы. Усю гэтую завiруху Рой пераседзеў у сваёй хацiне на Чатырох Азёрах. Калi завiруха сцiхла, ён зрабiў апошнi абыход - снег прымушаў яго спяшацца i хутчэй правяраць пасткi на Лiтл-Рывер, а затым скiраваць на поўдзень i паглядзець, што робiцца ў яго на возеры Пiт-Пiт. Абодва гэтыя ўчасткi былi закiнуты iм амаль на месяц, i Рою трэба было вырашыць, цi варта дзеля новага ланцуга пастак забывацца на ўсе старыя. Ад гэтага рашэння шмат залежала ў далейшых паводзiнах Роя.

Падчас апошняга абходу яго затрымлiваў рыхлы снег, якi даводзiлася абтоптваць адразу. Абход быў няўдалы. На Чатырох Азёрах папалася некалькi баброў i некалькi андатраў. I ўсё. Па дарозе на Зялёныя Азёры ён знайшоў у адной пастцы лiсу. Лiса сядзела на сцежцы, драцяная пятля захлiснула ёй шыю, але яна была яшчэ жывая i нагадвала сабаку на прывязi. Яна злосна пазiрала на Роя, якi iшоў па сцежцы. Рой спынiўся.

- Эх ты, палахлiвая лiса, - задумлiва прамовiў Рой, - сёння ты перамудрыла.

Iншыя звяры, якiя траплялi ў пастку, адчайна вырывалiся; але чым мацней яны вырывалiся, тым мацней зацягвалася пятля на шыi, i чым мацней яна зацягвалася, тым мацней яны вырывалiся, пакуль пятля не душыла iх да смерцi. А гэтая лiса? Рой зразумеў, што яна таксама спрабавала вырвацца, але хутка зразумела, што барацьба для яе небяспечная. Тады яна прыцiхла i пачала чакаць, цi не ўдасца перахiтрыць пастку.

|< Пред. 110 111 112 113 114 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]