Паляыничы (на белорусском языке) :: Олдридж Джеймс
Страница:
162 из 256
Ён заўсёды выкарыстоўваў гэтую формулу захавання дзiчыны на сваiх уласных участках, што забяспечвала яму пастаянны ўлоў бабра, хоць з часам усё меншы, але ж рэальны, не тое, штоў iншых звераловаў, якiя выбiралi свае бабровыя хаткi падчыстую. Зараз гэта ўжо быў iнстынкт, i гэтак жа iнстынктыўна ён скарыстоўваў свой метад размяшчэння пастак на балотах вакол возера Фей. Ён не ставiў пастак там, дзе, ведаў, былi малыя альбо цяжарныя самкi. Затое ён актыўна лавiў там, дзе было верагодна злавiць найбольш сама старых i буйных самцоў.
Пасля першай жа разведкi вакол возера Фей ён зразумеў, што ў замерзлых балотах больш дарослых баброў, чым у яго пастак. Ля затравянелых купiн, вакол рэдкiх зараснiкаў елкi i на тысячы створаных бабрамi астраўкоў было так многа бабровых хатак, што Рой адразу адчуў сябе пераможцам над тым пастаянным адчуваннем паражэння, якое выпрацавалi ў яго апошнiя дзесяць гадоў палявання ў спустошаным Муск-о-гi. Гадамi прырода абкрадвала яго, скарачала колькасць дзiчыны, i ён пастаянна адчуваў сябе пераможаным i падманутым. А тут ён, нарэшце, кiнуў выклiк прыродзе, даў ёй добрую аплявуху, ад якой у яго ажно закiпела кроў - стукнула ў ногi, затрымцела ў сплюснутых кончыках пальцаў. На гэтых пяцi квадратных мiлях забалочаных берагоў баброў было больш, чым яму калi-небудзь даводзiлася бачыць на адным месцы; больш, чым ён мог вылавiць сваiмi дваццацю пасткамi за шэсць гадзiн кароткага зiмовага дня. А там, дзе ёсць бабёр, павiнны быць шмат i iншых звяроў, якiя палююць на бабра: лiса, рысь, норка.
|< Пред. 160 161 162 163 164 След. >|