Паляыничы (на белорусском языке) :: Олдридж Джеймс
Страница:
177 из 256
Рой ледзьве бачыў яго ўдалечынi на крутым снежным схiле праз серабрысты частакол бяроз. Гэта быў Зел, ён нешта майстраваў памiж двух ствалоў, i па нейкiх асаблiвых прыкметах Рой вызначыў нават на такой адлегласцi, што будаваў памост. I Рой ведаў навошта. Зел майстраваў тайнiк для пушнiны, якая будзе схаваная ад вачэй кампаньёнаў i недасяжная для драпежнiкаў.
- Так, значыць, Зел пакрыху махлярыць, - усмiхнуўся Рой. Зараз ён быў перакананы, што частку вылаўленых андатраў Зел апрацоўвае на месцы, каб не ўлiчваць iхнюю пушнiну падчас агульнай дзяльбы. Рой крыху пастаяў, каб канчаткова пераканацца ў махiнацыях Зела, пасля пацiснуў плячыма i пайшоў прэч. Гэта яго не пацешыла, як было б раней, i не раззлавала. Яму было абыякава, i дробны махляр Зел i яго пушны склад, - усё гэта ўяўлялася зараз дробным, страшна дробным.
Некалькi разоў за дзень Рой чуў стрэлы. Па гуку гэта нагадвала вiнтоўку Мэрэя, але поўнай перакананасцi ў яго не было. Вечарам Зел зноў бушаваў наконт пагiбельнай для iх стральбы Мэрэя, але сам Мэрэй гэтага не чуў. Яго ўсё яшчэ не было, i вярнуўся ён толькi праз суткi. Ён прыйшоў з першымi парывамi завiрухi. Яго твар пунсавеў, калi ён нагой адчынiў дзверы i кiнуў на падлогу блiскучую чорную шкуру вялiзнага мядзведзя. Рой зачынiў дзверы, у якiя рвалася замець, а Мэрэй нагнуўся i строс з галавы i шыi тоўсты пласт снегу.
- Так атрымалася: цi мне загiнуць, цi яму, - сказаў Мэрэй пра мядзведзя. Вось я яго i забiў. Ты б ад смеху памёр, Рой.
|< Пред. 175 176 177 178 179 След. >|