Паляыничы (на белорусском языке) :: Олдридж Джеймс
Страница:
200 из 256
Трымаць правiльны накiрунак зараз яму дапамагаў толькi маленькi компас у пятлiцы, а арыентавацца - толькi ўласнае адчуванне мясцовасцi. Уся надзея была на тое, што калi яны ведалi гэты край i звыклыя маршруты, дык Рой разумеў мясцовасць. Ён разумеў яе, як чалавек, якi ўсё жыццё назапашваў выпадковыя назiраннi над няроўнасцю зямной кары. Мiмаходзь азiраючыся па баках, ён мог уявiць сабе, якiя пад'ёмы i спускi чакаюць яго наперадзе, на яшчэ невядомых яму ўчастках. Ён мог здагадацца пра характар схiлаў i хрыбтоў i нечаканых глыбокiх нiзiн, i на гэта накладваўся дзiўны малюнак зямлi пад зямлёй, уяўленне пра дзiкую сiлу, схаваную пад гэтымi гранiтнымi схiламi, пра пакуты i сутаргi, у якiх нараджалася гэтая краiна i якiя, наколькi ўяўляў сабе Рой, яшчэ могуць паўтарыцца i перарадзiць яе. Дзiўная гэта была часам краiна, снегавы ложак заснулых велiканаў, краiна, якой Рой гатовы быў захапляцца, пакуль яна не выступiць супраць яго.
Ён адхiлiўся далёка, надта далёка на захад i вырашыў рызыкнуць i папаляваць. Яму патрэбна была ежа, бо прыпасаў засталося толькi на два днi. Праследвальнiкi ўсё адно ведалi, дзе яго шукаць. Гук стрэлу iм не дапаможа i не прыспешыць iх. Рой застрэлiў двух зайцаў i курапатку i вечарам, пад прыкрыццём вялiкай сасны, распалiў касцёр. Ён падсмажыў усю здабычу, з'еў колькi здолеў, а рэшткi схаваў на заўтра. Затым растапiў крыху снегу ў кацялку i заварыў гарбату. Падмацаваўшыся, ён быў гатовы да выпрабаванняў наступнага дня.
А снегу ўсё не было.
Рою здавалася, што ўся прырода супраць яго.
|< Пред. 198 199 200 201 202 След. >|