Паляыничы (на белорусском языке)   ::   Олдридж Джеймс

Страница: 223 из 256

Яму не хацелася сустракацца з мiсiс Бэртан альбо з кiм-небудзь з яе пяцi дзяцей, якiя не стрымлiвалiся ў праяўленнi сваiх пачуццяў. Акрамя таго, яму трэба было схаваць у надзейным месцы сваю пушнiну; ён пайшоў у хлеў i ў цёмным кутку падцягнуў яе пад самую страху, скарыстаўшы вяроўку i блок, якiмi Джэк падымаў туды летам свiныя скуры.

Было яшчэ рана, i Рой пайшоў па полi да дарогi, так i не ведаючы, куды яму зараз iсцi. Сент-Элен быў для яго чужым горадам, пустым горадам, нават варожым горадам. Ён баяўся яго, зараз ён баяўся ўсяго; дэзерцiрства Сэма пазбавiла яго ўсялякай мужнасцi. Ён глядзеў на блiскучыя мокрыя валуны, што ўжо вылазiлi з-пад снегу, назiраў за першымi чародкамi шпакоў, за вераб'ямi, якiя мiтусiлiся па полi. Ён прайшоў мiма пратэстанцкай царквы, голага ашаляванага зруба; Джэк назваў гэта сама нягеглым збудаваннем ва ўсiм Сент-Элене. Зараз i ўвесь горад быў пануры. Ён стаяў мокры, панылы гэтым перадвясеннiм часам, i вада, якая збiралася з лесу i пагоркаў, была такая актыўная, што гатова была змыць яго дарэшты.

- Хэло, Рой! - паклiкаў яго нехта з грузавiка, што ехаў па дарозе.

Рой памахаў рукой.

- Вас падвезцi?

Рой не помнiў гэтага юнака. Мо малады Джонсан, альбо старэйшы сын Лэкстана, альбо нехта iншы з гарадской моладзi. Рой не пазнаваў яго.

- Не, - сказаў ён. - Мне недалёка.

Грузавiк паехаў, а Рой усё iшоў па дарозе, не ведаючы куды. Калi выйшаў за межы горада, ён трапiў на чорную бясконцую стужку шашы. Гэтая бясконцасць дарогi цягнула яго за сабой. Ён адчуў спакусу - iсцi, iсцi ўсё наперад i наперад, пакiдаючы тут усе цяжкасцi.

|< Пред. 221 222 223 224 225 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]