Паляыничы (на белорусском языке)   ::   Олдридж Джеймс

Страница: 46 из 256



- А я не згадаю, каб нехта мне прапаноўваў яго плацiць, - сказаў ён.

- Гэта не адгаворка, - зазначыў iнспектар.

Рой адчуваў, што тут нейкая пастка, вырвацца з якой у яго не хопiць сiлы.

- Мне здаецца, што я зарабляю не столькi, каб мяне абклалi падаходным падаткам, - асцярожна прамовiў ён.

- Якраз дастаткова? - настойваў iнспектар.

Ён ямчэй усеўся ў крэсле. Вось як лёгка прыперцi Роя да сценкi, чаго яму хацелася ўжо дваццаць гадоў. Ён добра разумеў, што Рой адчувае сябе выкрытым, злоўленым i прыгавораным. Але не гэтага ён дабiваўся. Iнспектар зарагатаў ад думкi пра козыры, якiя ў яго былi, але якiмi ён не хацеў карыстацца.

- Не турбуйцеся, Мак-Нэйр, - сказаў ён афiцыйным тонам. - Я не маю справы нi да падаходнага, нi да ўсялякага iншага падатку. Мне патрэбна iншае: злавiць вас знянацку з незаконнай пушнiнай. Падумаеш, падаходны падатак! - ён засмяяўся, зарагатаў вар'яцкiм смехам, ляпнуў Роя па калене i зноўку зарагатаў, назiраючы, як той ачуньвае ад нечаканасцi.

Рою было ўжо дастаткова. Ён устаў, збiраючыся iсцi.

- Толькi не трапляйцеся мне разам з Мэрэем альбо Зелам Сен-Клэрам, - дадаў iнспектар. - Я ведаю, што яны карысталiся вашай хацiнай, i калi я злаўлю iх там, то i вас у дадатак.

Рой яшчэ не дараваў iнспектару яго дзiўнага жарту з падаходным падаткам.

- Толькi калi выберацеся гэтай зiмой, - сказаў ён, - асцерагайцеся. У мяне вакол хацiны расстаўлены некалькi мядзведжых пастак. Да мяне наведваецца нейкi чорны мядзведзь. Таму будзьце асцярожныя, iнспектар.

|< Пред. 44 45 46 47 48 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]