Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 114 из 453



Мы стаялі ў пад'ездзе, і, калі ў яго зайшоў Хілінскі, распячатваючы пачак цыгарэт, яна нават і на імгненне не адарвалася ад мяне. Стаяла, уся дрыжучы.

Хілінскі, праходзячы паўз нас, зрабіў незнаёмы твар. А яна, не паспеў ён узняцца і на адзін марш, прыпала да маіх вуснаў.

— Памятай… Даруй… Не памінай мяне, калі ласка, ліхам. Бывай.

Адарвалася ад мяне і выскачыла ў дзверы, пад дождж, які шалёна паліваў увесь вялізны горад, усе яго мокрыя бліскучыя дахі і чорныя голыя дрэвы.

…Хілінскі ўсё яшчэ поркаўся з ключом, і я спыніўся ля яго закурыць.

— Засмучаная, — раптам сказаў ён. — Гаротна засмучаная.

— Вам дзіўна? — суха сказаў я.

— Крыху, — сказаў ён. — Не мая гэта справа, але я, Антоне, думаю, што ведаю людзей. І… нешта не належыць яна да тыпу чуллівых. Ту-уга ведае, што, як і нашто. Нават калі панчохі купляе, нават калі ў першы раз аддае пацалунак. Ну, аднак, гэта больш годна, чым нейкая цызя, што пеўня ад курэй ганяе за «задзірлівасць»… Але засмучаная. Пэўна, нешта сур'ёзнае здарылася.

— Гэта мая былая сяброўка, — буркнуў я.

— Ухваляю.

— Што былая?

— Не, што сяброўка.

— Мае паводзіны людзі калісьці назвалі б заганнымі — «предосудительными», — горка сказаў я.

Я не стаў тлумачыць чаму, але ён, відаць, зразумеў.

— Сабе ты гэта даруеш? Можаш гэта сабе дараваць? То нашто асуджаць за тое самае іншых? І хто мае права асуджаць?

Размова рабілася страшэнна непрыемнай. Мы абодва адчувалі сябе няёмка. Ён, бо атрымалася так, што ён утруціўся ў справу, якая яго не датычылася.

|< Пред. 112 113 114 115 116 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]