Страница:
113 из 453
І плёнак вазьмі для апарата. І нож. І брытву.
Нешта знарочыстае і няпэўнае было ў гэтай клапатлівасці. Так, пэўна, жонка выпраўляе ў дарогу мужа, здрадзіўшы яму або ведаючы, што неадменна здрадзіць, што вышэйшы, непахісны лёс няўхільна вядзе яе да гэтага.
— Усё вазьму, — сказаў я. — У мяне спіс. Я — вопытны на камандзіроўкі. І ўвогуле… метадычны стары кавалер.
— Не трэба табе больш заставацца ім. Чуеш, прашу цябе. Кепска гэта канчаецца.
— Ну так, — няўдала пажартаваў я. — Хто жэніцца — у таго жыццё сабачае, затое смерць чалавечая, а хто не — у таго сабачая смерць, але затое чалавечае жыццё.
— Пры цяперашніх сваяцкіх пачуццях і смерць не заўсёды бывае чалавечая, — падхапіла яна.
— Ды што з табою?
— Плачу, — сказала яна. — І над сабою. І над табою. І над усімі.
І раптам злавіла ў паветры выключальнік бра, націснула яго.
— Хадзі да мяне, — голас быў хрыплаваты і адчайдушны. — Апошняя наша з табой… часіна… Даруй мне.
У тоне гэтым было нешта такое, што нельга, немагчыма было сказаць «не».
….
Праз гадзіну я праводзіў яе. І колькі я ні казаў, каб яна заставалася, колькі ні ўмаўляў, колькі ні казаў, што заўтра сам пайду гаварыць з яе мужам, яна, бледная, толькі адмоўна круціла галавой.
— Не праводзь мяне. Ну вось, я не хацела, каб не было гэтага вечара, каб не было ўспамінаў. Я пайду. Я страшэнна, страшэнна стамілася.
|< Пред. 111 112 113 114 115 След. >|