Страница:
117 из 453
— Не «ньям-ньям» ці як гэта?
— Два дні як перастаў ньям-ньям, —адказаў зверху Лыганоўскі. — А будзеце здзекавацца з прагрэсіўных з'яў, Косміч, я спушчу гэты шчыт вам на галаву.
Мы пасмяяліся і разышліся па кватэрах.
Настрой мой ва ўсе наступныя дні быў абрыдлівы. Я ўладжваў свае справы, але нават яны не маглі прымусіць мяне забыцца.
Дабіўся дазволу на абследаванне замка ў Альшанах, атрымаў ад інстытута ліст аб тым, хто я такі і што райвыканком просяць спрыяць мне ў абследаванні касцёлаў, цэркваў і старых будынін.
Пакаваў пакрысе рэчы. І ўсё не мог і не мог забыць таго апошняга вечара.
Трэба было яшчэ адвезці сабак да бацькі і купіць тое, чаго цяжка дастаць на вёсцы. І я загадзя дамовіўся наконт расчыннай кавы з прадаўшчыцай, маёй «блатмайстрыняй», і дамовіўся з Пахольчыкам наконт дзесяці блокаў «БТ» і каменьчыкаў для запальнічкі, і купіў, па Зоінай парадзе, блакнотаў і шкарпэтак і сёе-тое для «аптэчкі».
І ўсё ўжо было гатова, нават бутэлечка вечнага чарніла ў поліэтыленавым мяшэчку і кніга 1908 года выдання «Альшаны» (Княства, староства і павет Альшанскі, у іхнім гістарычным быцці). І я купіў яшчэ пятнаццаць «шэсцьдзесят пятак» і тры каляровых «ДС» і дастаў у знаёмага фатографа дзесяць шырокіх «орвакалёраў», а ў знаёмага прадаўца дзесяць «орвакалёраў вузкіх». І дастаў добрай гарбаты і адрамантаваў свой «Харків».
|< Пред. 115 116 117 118 119 След. >|