Страница:
10 из 453
Але каб за іх?!
— Вярзеш ты…
Праўда, «Евангелле» Цяпінскага было надзвычай рэдкім экземплярам. З набору былі выцягнуты «літаркі», каб засталося пустое месца.
Ясна, друк у Цяпінскага быў не той, што ў Скарыны. Бедны друк дужа беднага друкара. І нейкаму багатаму чалавеку гэта не спадабалася. І ён папрасіў аб адной такой кнізе, толькі без «літарак», для сябе. А на пустых месцах папрасіў нейкага мініяцюрыста намаляваць тыя літаркі фарбамі і золатам. Каб кніга выглядала на больш багатую. І мастак гэта зрабіў. З густам і ўмельствам. Але каб чалавек адчуваў сябе ў небяспецы за нейкія тры дзесяткі мініяцюр?
— Распавядай, — сказаў я.
Бо я верыў. Верыў гэтым устрывожаным вачам, злёгку скрыўленаму роту, неспакойным пальцам, нервовай спіне, напятай, як лук (вось-вось выскачыць звер).
— Ходзяць за мною ўвесь час… За вокнамі снег падмяты раніцамі… І калі з работы вяртаюся… Сабакі нервуюцца, як прыходжу… Некалькі разоў заўважаў, што швэндаюцца на пустыры нейкія цёмныя асобы.
— Ладна. Скажам, за кнігу. Адкуль ім ведаць, што яна ў цябе?
— Меў дурасць. Выстаўка была ў лютым у публічнай бібліятэцы. Старадрукі. З бібліятэкі, дый з пры-ватных збораў таксама.
— І што?
— А тое, — ён усё ж глынуў ахалолай кавы. — Я стаю пры сваіх і тлумачу. Маячыць наводдаль нейкі чалавек. Высокі, год на восем за нас старэйшы, але яшчэ не сівы, цёмны бландзін. Аблічча бура-чырвонае, нібы загарэў, нягледзячы на зіму. Па тыпу і вопратцы — ну, не разбярэш: ці то настаўнік вясковы, ці то старшыня сельсавета.
|< Пред. 8 9 10 11 12 След. >|