Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 121 из 453

Ён быў моцна ў куражы і злёгку пахістваўся. А тыя падхіхіквалі як ні ў чым не было.

— Дзяўчаты мае, сонца майго жыцця! Вы, мае нефертушачкі…

— Колькі ён тут?

— З паўгадзіны, — віскнула гожая брунетачка з хітранькай усмешкай. — Насмяяліся.

— Ганіце яго ў шыю, — махнуў я рукой.

І палез да сябе наверх, і толькі ля самых сваіх дзвярэй мяне як стукнула, і я пачаў зноў спускацца.

І ў гэты час ляснулі парадныя дзверы. Я кінуўся да іх, расчыніў, але па вуліцы вяртаўся з кіно народ, і чорт яго на ёй было каго заўважыць.

Дзверы ў сутарэнне: павуціння няма.

«Ёлуп з дэдуктыўным мысленнем! Павуціння яму! Пад ім можна прапаўзці, не зачапіўшы парога. І няўжо ты думаеш, што той не абмысліў слядоў адступлення? Ідыёт! Перачніца старая! Ясна, што калі палез бы, то атрымаў бы, пэўна, па чэрапе. І добра. Па такім чэрапе толькі й атрымоўваць».

Але на гэтым вечар не скончыўся. Ледзь я паспеў запаліць святло і ляснуцца на тахту, зазваніў тэлефон. У мяне заўсёды прадчуванне, калі тэлефон — дрэнна. Я не хацеў падымаць трубкі, але той аж разрываўся. Давялося зняць, і тут я пачуў здалёк роспачны лямант Косціка Красоўскага:

— Антон! А-антон!

— Я. Што такое?

— Антон!!! Божа! Божа!

— Ды што з табою?

— Зо… Зо… Зо…

Тут я зразумеў: не толькі нешта не да ладу. Здарылася нешта непапраўнае.

— Кастусь, супакойся.

— К… К…

— Ну што? Што?

— Зоя… памерла.

— Як? — па-дурному спытаў я, яшчэ нічога не разумеючы.

|< Пред. 119 120 121 122 123 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]