Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 120 из 453

Некалькі імгненняў я стаяў ашаломлены, а пасля рвануў за ім, што, уважаючы на цемру, было нялёгка.

Яшчэ зверху я ўбачыў, што дзверы на вуліцу зачынены, і пусціўся да выхаду на двор. На двары сядзелі на лавачцы дворнік Кухарчык і малодшы лейтэнант Росцік Грыбок, які вымахаў на здаравенную грыбіну, і пакурвалі, нягледзячы на прахалоду.

— Ніхто не прабягаў?

— Ніхто, Антоне Глебавіч, — адказаў Грыбок.

— Таварыш Косміч, — завёў быў дворнік. — А вось што вы думаеце…

Я махнуў рукой і пусціўся да дзвярэй у сутарэнне. Яны былі прыадчынены, таму што агеньчык запальнічкі закалыхаўся. Але яны заўсёды былі прыадчынены: ніхто ў нас там нічога не хаваў. І на іх варушылася леташняе яшчэ павуцінне. А на парозе быў пыл. «Цьху! Не мог жа ён улятучыцца?»

Свецячы запалкамі, я ўбачыў, што коркі крыху адкручаныя, і ўкруціў іх. Пасля выйшаў на двор і спытаў у курыльшчыкаў:

— Даўно вы тут разам?

— Пару хвілін, — сказаў Кухарчык. — А вось як, скажыце вы мне, грыфель у аловак засоўваюць. Колькі ўжо думаю.

— Склейваюць вакол яго дзве палавінкі, — сказаў я, махнуў рукой і паплёўся наверх.

Тут мне прыйшла ў галаву яшчэ думка, што ён мог заскочыць у пакой дзяўчат, і хаця я падумаў, што ад віску тут бы й дом рухнуў, пазваніў і зайшоў.

Звычайны, па-студэнцку, па-дзявочы абстаўлены пакой, толькі што з парай афіш, на якіх гэтыя прыгажуні былі адзначаны самым дробным шрыфтам.

На крэслах (ложкі былі бялюткія) сядзела трох гожанькіх дзяўчат і стаяў… малады чалавек, на гэты раз без вядра.

|< Пред. 118 119 120 121 122 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]