Страница:
122 из 453
— К… к… калій цыян. І запіска: «Я прадала свайго сапраўднага, — ён зрабіў націск на гэтым слове, — мужа. Не вініце нікога, акрамя мяне».
— Я еду! Еду!
— Н… не… Я еду… Туды, — рыданні былі такія, якія мне рэдка даводзілася чуць.
І ён паклаў трубку. І тут на мяне абурылася ўсё. І, галоўнае, я не ведаў — чаму? Што здарылася ў два апошнія прыходы? Нічога. Усё тое ж, і нават рукапісы на стале, і ўсё на сваім, упарадкаваным, месцы: чыстая папера — справа, спісаная — злева, попельніца — тут, цыгарэты — тут. Свет перавярнуўся, але толькі для мяне. І тая самая пахмурая красавіцкая ноч за акном, і зноў, здаецца, сячэ вокны дождж. Ну так, расставаліся.
Але ж гэта было вырашана даўно — пры чым тут раптам яе слёзы.
«Яна рыхтавалася, гэта ясна, цяпер я зразумеў. Чаму? Калі ў ёй было шкадаванне па мне толькі як аб згубленай забаўцы. У мяне было крыху больш сур'ёзна, але таксама… Чаму ж зараз так ломіць душа. Што я падмануў Красоўскага? Я не ведаў аб гэтым, а яна не надавала гэтаму значэння. Што раптам змянілася?»
Я сядзеў і тупа глядзеў за акно ў ноч. Пасля пайшоў, узяў том энцыклапедыі. «Цианистый калий». «Ужываецца ў працэсе атрымання золата і срэбра з руд…» Нашто мне золата і срэбра? «Вельмі атрутны». Прызнакі атручвання: лоб жаўтаваты, сінюха на выліцах і шыі, вусны злепленыя, скура ледзяная і сухая.
Не, не мог я ўявіць Зою з жаўтаватым лобам і ледзяной скурай. «О божа неўблажымы! Што ўсё ж здарылася?»
Усё было скончана між нас.
|< Пред. 120 121 122 123 124 След. >|