Страница:
124 из 453
Аўтобус на Альшаны быў толькі пад вечар, але я не зайшоў нават у цудоўны мясцовы музей: мне не хацелася глядзець на рэчы, мне хацелася глядзець на людзей. І крыху адыходзіць, прыпаўшы да іх цеплыні. Першае маё прыпадзенне адбылося, аднак, не зусім у тым ключы. Я зайшоў у другарадны рэстаран, адзін з тых, што раніцай гарбатня, а рэстаран толькі а другой палове дня. І, аднак, ужо натрапіў на тое, чаго не люблю, на тое, як невялічкі аркестр рыхтаваўся да сваёй занадта гучнай музыкі. Папрасіў біфштэкс, яшчэ сёе-тое і бутэльку піва.
«Рэстаран» быў сучасны, без копій Хруцкага на сценах (бедны мастак!), але затое з роспісамі, на якіх плылі розныя «царэўны-лебедзі» і «лады» (дзеўкамі б ім старымі застацца ці замуж далёка выйсці, ды каб ім бог сем дачок даў). І страшэнна не гарманіравала з гэтым мэбля: шафкі для посуду, сталы, крэслы і цяжкая старая стойка. І тут ужо зараз было хмельна і моцна накурана.
Афіцыянтка ў белым венчыку прынесла мне ўсё і прытулілася да падаконня непадалёк ад мяне. Я еў і слухаў «гвар».
— Нічога, алкаголікаў лечаць.
— Пазычыў ёй грошы. Ніхто ў гэта не паверыць, але гэта так.
— П'яныя, як гарылы, былі.
— Глупства зрабіў. Пачаў бараніцца ад міліцыі. А гэтага рабіць не след. З уладаю не звязвайся, — павучаў нейчы станоўчы голас. — Проста пайдзі дарогаю. Прэч.
Біфштэкс быў з гумы са сталёвым каркасам. Але, як казаў калісьці камісар нашага атрада: «Вычарпай усе сілы пры выкананні задання, мабілізуйся — а зрабі».
Я — мабілізаваўся.
|< Пред. 122 123 124 125 126 След. >|