Страница:
22 из 453
Бо з ёю, як казаў адзін мой знаёмы, ужо «ажаніліся дзве гэтыя старыя балканскія малпы. А я лепей ажанюся з… Мерлан Мурло».
Аднойчы ішлі разам да тралейбуса, і неяк размова перайшла на тое, хто адкуль, на імёны і г.д.
«Чорт яго ведае адкуль такое, — сказаў ён. — Пра свайго прадзеда толькі й ведаю, што імя. Інтэлігентны. Мабыць, з лапцявой шляхты. Гонар, пэўна, вось і ўся музыка. Грошай няма, то давай паболей прозвішчаў».
А вось і ён сам. Выключна складзены, з пародзістым бронзавым абліччам, нібы сярэдневяковы кандацьер з медаля. Хвалістая грыва срэбных валасоў, рот з цвёрдым прыкусам, шэрыя вочы глядзяць пільна. Рэдка мне даводзілася бачыць прыгажэйшы мужчынскі твар. І разумнейшы таксама.
Гаворыць з маладым чалавекам, сваім суседам. Той у меру прыстойны, у меру ладны, у меру мілавідны. А ўвогуле, пра яго толькі й можна сказаць, што ў яго руцэ вядро для смецця.
— Дзень добры, суседзе.
— Дзянёчак і добры.
Першы паверх. Злева на пляцоўцы кватэра, у якой ці кінастудыя, ці тэатральны інстытут, ці балетная студыя (так і не зразумеў што, а пытаць нязручна) размясціла інтэрнат на чатырох сваіх дзяўчатак. Там часта песні, весялосць, гітара. Вечарамі яны з хлопцамі нейкімі стаяць у пад'ездзе ля радыятараў, і раніцаю там многа недакуркаў. Калі я іду, дзяўчаты праводзяць мяне вачыма. Досыць часта. І я з гэткай жарабячай вясёласцю дрыгаю паўз іх зухаватымі нагамі.
Значыць, пакуль што я яшчэ нішто сабе.
|< Пред. 20 21 22 23 24 След. >|