Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 24 из 453

І ўсё яму трэба ведаць, а мяне ён чамусьці лічыць самым разумным чалавекам вуліцы. Мяне гэта крыху абражае: чаму толькі вуліцы. Але яго не саб'еш, і ён узнікае за спінаю (у яго ёсць уласцівасць і ўмельства ўзнікаць як з-пад зямлі) і задае пытанне. Часцей за ўсё ўражанне пасля пытання, нібы праглынуў жарынку, адначасова атрымаўшы ўдар пад лыжку.

— А кітаец кітайца ў твар адрозніць?

— А вось цікава б ведаць, Антоне Глебавічу, які сэнс у кіпарысах, што на поўдні?

Сёння гэта:

— Не ведаеце часам, як «дворнік» па-латышску?

— Setnieks, — «часам ведаю» я.

— Цікава, і там і там амаль аднолькава.

І ён працуе і думае.

Выходжу з двара. Вуліца. Не «вясковы» бок, а «гарадскі». Аўтобусы, дамы, рэклама, марсіянская трынога тэлевежы наводдаль. Шум гарадской плыні, упарты і неўблажымы.

І як апошні акорд таго, што ёсць мой дом і мой двор, тытунёвы кіёск, у якім сядзіць стары знаёмы, «брыгадзір Жэрар», як яго называю я, Герард Пахольчык, якому я актыўна дапамагаю выконваць план.

Ён і сапраўды, як герой, сядзіць у сваёй будцы. Просты, сярэдняга расточку, вусаты. У дзіцячых, шырока раскрытых вачах наіў. І схожасць з дзіцем падмацоўвае жаўтавы пух на галаве.

Гэты таксама з цікаўных, як і Кухарчык. Але той з «мітуслівых» цікаўных. А гэты «цікаўны філосаф». Той лезе, падазрае, сумняваецца, гэты — сядзіць на троне і пытаецца ўедліва і сур'ёзна. Той бачыць непатрэбнае і неістотнае, гэты — «зрит в корень».

|< Пред. 22 23 24 25 26 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]