Страница:
26 из 453
Два тыгравыя догі, кожны з добрую цялушку, пазнаўшы мяне, са свістам замалацілі тоўстымі ля кораня хвастамі.
— Эльма! Эдгар! На месца, слінцяі паршывыя!
— Смачны, вось і слінцяі, — сказаў я.
Кватэра ў Пташынскага гэта чорт ведае што, толькі не кватэра. Старая, прафесарская, бацькоўская, дзівам ацалелая ў гэтым амаль дашчэнту знішчаным горадзе.
На вокнах візэрункавыя краты: бібліятэка татачкі была ледзь не самай багатай прыватнай бібліятэкай краю (не лічачы, вядома, магнацкіх). Дзівам ацалела ў вайну й бібліятэка, але сынок струбіў яе ва ўсім, шго не датычылася гісторыі, — дзяржаве, каб вызваліць месца сваім улюбёным гатычным і барокавым монстрам. Монстры выжылі адсюль не толькі кнігі, але й… урэшце, я няўдала пажартаваў.
Мар'яна б да нас замест дзяўчат. Быў бы цалкам кавалерскі пад'езд. Але ён адсюль не паедзе, бо тут хапае месца для ягоных лялек, хаця кватэра й нязруч ная: былы загарадны дом, да якога зараз падпаўзае горад. Чатыры вялізныя пакоі са столлю пад неба. А за вокнамі пустыр: дно былых велічэзных, даўно спушчаных ставоў і бераг з рэдкімі купамі дрэў, за якімі праглядаюцца будынкі парніковай гаспадаркі.
З другога боку да дома прымыкаюць закінутыя могілкі. Іхнюю браму ў стылі позняга барока відаць, калі падыходзіш да дома напалову выпляжанай алеяй высачэзных ліп.
У пакоях сапраўдны Грунвальд: лётаюць пад столлю анёлы, ускідваюць крыжы з лазы Яны Ксціцелі, а Яны Непамуцкія нясуць пад пахаю ўласныя галовы, нібы кавун у трамваі.
|< Пред. 24 25 26 27 28 След. >|