Страница:
25 из 453
Той толькі слухае — гэты яшчэ дае й парады з вышыні вопыту, набытага ў бяседах з разумнымі людзьмі. А вочы сочаць і свідруюць і бачаць усё.
Але абодвум уласцівы шырокі дыяпазон зацікаўленняў. Толькі першы цікавіцца сэнсам кіпарысаў, якія не даюць ні пладоў, ані драўніны, а другога цікавіць палітыка ў Непале і ўвогуле ўсё ад касмічных пералётаў і спосабу варыць малінавае варэнне — і аж да тэорыі чырвонага ссоўвання і лётаючых талерак, якія ён абавязкова называе НЛА (неапазнаны лётаючы аб'ект).
Купляю пачак «БТ». Глядзіць пільна, нібы наш разведчык у стаўцы Гудэрыяна.
— Дзіўна вы неяк цыгарэты адкрываеце. Тут пацягнуў за стужачку дый… А вы нажніцамі. І толькі ражок. І вось ужо колькі месяцаў гляджу — заўсёды толькі правы ражок. Можна ж вось за стужачку дый крышку зняць.
— Я, пане мой вялебны Герардзе, тое, што ў кепскіх старых раманах называлі «стары кавалер з устойлівымі звычкамі».
— «Устоявшимися привычками», — перакладае начытаны Герард. — Ды нашто ж ражок?
— Партсігараў не люблю. А здымаць усю крышку — тытуню тады ў кішэнь натрасеш.
— Ды чаму ж правы?
І сапраўды, чаму правы? Чаму я заўсёды першым узуваю левы туфель?
— Літары туды глядзяць.
— А-а.
РАЗДЗЕЛ III ДАМЫ, МАНАХІ І ПАРШЫВЫ БЕЛАРУСКІ РАМАНТЫЗМ
У адказ на званок з глыбіні кватэры даляцеў, набліжаючыся, гарматны сабачы брэх.
— Ганец да скарбніка Мар'яна, — сказаў я.
|< Пред. 23 24 25 26 27 След. >|