Страница:
389 из 453
Але твар ягоны ксёндз памятаў невыразна, — сказаў Шчука.
— Дык калі быў пан Уладак арыштаваны і асуджаны?
— Шаснаццатага ліпеня, здаецца, — сказаў Шаблыка. — «Прысуд выканаць у дваццаць чатыры гадзіны».
— Нашы калі горад узялі?
— Васемнаццатага, — буркнуў Шчука. — Усё адно не супадае. Паспелі б яго пусціць у расход.
— Так, — сказаў я. — А што адбылося семнаццатага?
— Ах, чорт, — узвіўся Хілінскі. — Паўстанне ў горадзе. Вось пра гэта, Шчука, неяк ты і не падумаў. Цяпер ясна, чаму раптам выскачыў жывы, як чорт з табакеркі.
— Верна, паўстанне, — сказаў я. — Ноччу на семнаццатае. Перадчаснае паўстанне, бо нашы былі яшчэ на досыць дальніх пераходах. Ну так, крымінальныя пазбівалі замкі якраз у той час, калі паўстанцы выламалі турэмную браму. Ахова ўцякла. Так што горад быў наш. Палову ночы і палову дня. Усіх арыштаваных выпусцілі. Але тут паўстанне падавілі пагранічныя войскі, што адступалі, і паліцаі. Частку нашых абяззброілі і пасадзілі ў турму назад. І пачаліся спешныя расстрэлы. У адзін з іх трапіў наш Высоцкі. А калі не трапіў? Васемнаццатага нашы ўзялі горад.
— І што? — спытаў Вячорка.
— А тое, што, акрамя іншага, таго, аб чым я ім казаў і вам цяпер сказаў, я падумаў: а раптам Крыштоф, адзін раз уцёкшы ад смерці, мог і другі раз уцячы… І адразу пасля вызвалення зноў аджыла банда Куляша. Не ведаю, з кім ён там супрацоўнічаў, каго прадаваў, перад кім прыніжаўся… Але адно ясна.
|< Пред. 387 388 389 390 391 След. >|