Страница:
391 из 453
А ён на такую высокую смерць права не заслужыў. Дый не памёр, як бачыце. Ці сутыкнуліся на ім два ведамствы: тое, што патрабавала кары яшчэ па старым прысудзе, і тое, дзе ён працаваў асведаміцелем, — не ведаю. Гэта яшчэ выясніцца. Як выяснілі мы ўсё і наконт Боўбеля… Твая здагадка была верная і наконт яго, Косміч. Толькі што здагадка не факт.
— А сучасныя іхнія ўчынкі?
— Сучасныя — ужо факт. Ну, уставайце, хлопцы. Час.
Мы развіталіся з экспедыцыяй і пачалі спускацца з гарадзішча.
Маўчалі, дый не хацелася болей гаварыць пасля перажытага і перадуманага сёння.
— А ўсё ж без тваёй галавы ім цяжка давялося б, — сказаў Хілінскі, паклаўшы далонь мне на плячо. — Без расшыфроўкі таго тайнопісу.
— Без першай трывогі, якую падняў бедалага Мар'ян.
— Цяпер яны даведаюцца. Цяпер лягчэй.
Месяц, што пачаў ужо хіліцца, заліваў касцёл пранізлівым і бязмерна журботным святлом, рабіў чорны гмах замка менш грувасткім. Ён здаваўся ўжо ў гэтым святле і не такім чорным, а нібыта адліваў крыху ў блакітнае.
— Пройдзем праз замкавы двор, — нечакана сказаў я.
— Гэта нашто? — спытаў Мультан.
— А раптам дама з манахам…
— Ты што, у глупствы гэтыя верыш? — здзівіўся Шчука.
— Веру не веру, але праз гэта не здолею я паехаць адсюль зусім супакоены. Не можа быць, ведаю. Але ж я сам бачыў.
— Хадзем, — вельмі ціха сказаў Хілінскі.
|< Пред. 389 390 391 392 393 След. >|