Страница:
413 из 453
Я вельмі люблю дарогі і думаю, што калі прыйдзе час і я не здолею ездзіць, то ці варта тады ўвогуле жыць.
Дарога сама як песня, і таму я часта маўчу, перапоўнены дарогай даверху. Вось так аднойчы спыталі мяне рыбакі на марскім промысле, чаго гэта я ўсё маўчу.
— Занадта хораша вакол, — толькі і здолеў адказаць.
Маўчаў я і тут. Хораша маўчыцца над бэзава-ліловымі палямі канюшыны, над стральчастым лубінам у канавах.
І разгортвалі, разгортвалі вакол лясы свае чароўныя глыбіні.
Толькі як выбраліся ўжо на шашу, нехта насмеліўся выраніць слова-другое, парушыўшы пяшчоту і задуменнасць дня.
— Ну, чаго маўчыш? — спытаў раптам Шчука.
— Адстань, — кінуў Хілінскі, гасячы чарговы недакурак, — яму проста добра.
— Што, так ужо і зусім добра?
— Амаль добра. А наконт размовы — што ж? Хваліць — колькі я магу вас хваліць. Лаяць? Ёсць за што, але не хочацца. Крытыкаваць? Ну, па-першае, мяне самога з пачатку і да канца трэба нішчыць крытыкай (за выключэннем некалькіх здарэнняў), столькі я за лічаныя тыдні нарабіў глупстваў, у якіх сам дагэтуль яшчэ не да канца разабраўся.
— Няўжо не да канца? — спытаў Шчука. — Па-мойму, галоўнае зроблена.
— Па-мойму, галоўнае аніяк не зроблена. Па-мойму, да галоўнага мы і не прыступілі. Але гэта ўжо вам, Шчука, трэба рабіць. З мяне хопіць. І я на вас крыху злы.
— Ну-ну, наводзьце сваю крытыку. Толькі не знішчальную.
— Мала для вас і знішчальнай за вашу тактыку прамаруджвання і чакання. Сто разоў я мог загінуць.
|< Пред. 411 412 413 414 415 След. >|