Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 412 из 453

Усё тое, дзе я столькі часу перажываў жах, небяспеку, холад таямніцы, дзе я знайшоў цеплыню, сяброўства і каханне. Цяпер ужо назаўсёды, калі захоча гэтага лёс.

Узгорак вырастаў за намі, паступова закрываючы вёску.

— Бывай, Альшанка, — шапянуў я касцельнаму шпілю. — Бывайце, сябры. Бывай, Сташка мая. Бывай.



РАЗДЗЕЛ XI «І ГЕРБ РАДАВЫ РАЗБІВАЮЦЬ НА КАМЕНІ ТЫМ»



Зноў закруцілі, заматлялі нас дарогі. Вадзіцель не хацеў «даваць кругаля» цераз Кладна, а ўзяў напрамкі, і таму кіламетраў са сто нас не чакала нічога, акрамя польнай ці лясной дарогі. Я ўзрадаваны быў гэтым. Яшчэ не распаленае сонцам неба наперадзе, ззаду лёгкі вэлюм пылу, па баках нівы або шматкіламетровыя саборы з хвой, адхоны і яры, дубовыя раці, што цяжка выступілі на прырэчныя паплавы.

Недзе з гушчару таполя, якая невядома як трапіла туды, мяце па зямлі, сее па свеце спозненым пухам.

На палянах, на месцы разораных хутароў камяні ад фундаментаў, акацыі з яшчэ празрыстымі стручкамі. І паўсюль — раскідана — цвітуць на іх блакітныя касачы. І бэз там яшчэ месцамі дацвітае. І шкада робіцца хутароў і жыццяў, якія прайшлі на іх.

Урачыстая раніца змяняецца ўрачыстым днём.

І добра ведаць, што ў свой час, яшчэ няхутка, дзень зменіцца вечарам, і ляжа ў лагчыне тонкі і нізкі туман, і зараніца будзе глядзець на людзей праз дрэвы. А пасля прыйдзе ноч. Для цябе ноч, а для кагосьці самы час жыцця.

Машыну па-добраму пагойдвала.

|< Пред. 410 411 412 413 414 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]