Страница:
411 из 453
І быў я абцалаваны ўсім хаўрусам аж да апошняга. І зразумеў я, што трымаў сябе ўвесь час збольшага годна і як трэба. І гэта было добра, бо яны палюбілі мяне, а дабіцца такога — то была нялёгкая справа.
Усе мае селі ў машыну. Усе астатнія глядзелі на іх, не дужа ведаючы, што і казаць, як заўсёды ў апошнія секунды.
Стаялі купкаю. Адна Сташка стаяла наводдаль і не глядзела ў мой бок нават тады, калі мае ногі самі панеслі мяне.
— Бывай, Сташка.
— Бывай.
— Бывай, Сташка Рэчыц. Я дужа, дужа кахаю цябе. Я ўжо і не думаў, што мне будзе дадзена ў жыцці вось так пакахаць.
— І я.
Я ўзяў яе за плечы.
— Слухай мяне. Праз месяц скончыцца твой сезон. Я дужа хачу, каб мора чакала да сябе не мяне аднаго.
— І я таксама.
— І я вельмі прашу цябе, ты нікуды не заязджай, калі скончацца раскопкі. Ты адразу з вакзала ці там з аэрапорта прамуй да мяне.
— Так адразу?
— Мы з табой трыста з лішнім год ведаем адзін аднаго. І ўсё маладыя. Цяпер я хачу паступова, вельмі павольна старэць разам з табой. Досыць. Час пакласці канец майму «пад'езду кавалераў».
Усе маўчалі, калі я пацалаваў яе. Ніхто нібыта нават не бачыў.
І вось маленькая купка людзей пачала меншаць і меншаць. Пасля пачалі менець усечаныя шасцікутныя вежы, чорныя муры, ліпы, залітыя сонцам, арка брамы. Пасля, з гары, бліснуў на імгненне блакітам стаў, рэчка і яе рукаў, што трымалі замак у абдымках.
Мільгнулі званіцы касцёла, хаткі, рассыпаныя ў даліне.
|< Пред. 409 410 411 412 413 След. >|