Страница:
419 из 453
І цень нейкай усмешкі, і дараванне — тысячы выразаў.
Урэшце гаспадар працягнуў Шчуку руку:
— З імі мы даўно ведаемся. Хаця і не зусім па правілах. Ну, будзем знаёмыя… Князь Вітаўт-Ксаверы-Станіслаў Альшанскі. Лыганоўскага можаце адправіць на могілкі імён. Тым больш што я дзеля гэтага дакумента нікога на той свет не адправіў. І ўвогуле, асабіста — нікога… Ну вось. Альшанскі.
— Ведаю, — сказаў я.
— І я ведаю, што гэта так. Адкуль з'явіўся першы цень здагадкі, прашу прабачэння і калі гэта не сакрэт?
— Гены, — сказаў я, — фамільная схожасць.
Ён адразу нібы павесялеў.
— А-а, статуя ў Альшанскім касцёле. Усё ж, значыць, спачатку была выпадковасць. Каб не яна… І хацелася ж мне змязджыць ёй твар — радзінныя забабоны перашкодзілі. А пазнавалі. І вы, і тая археолаг, і ксёндз, калі я заходзіў у касцёл. Круцілася нешта ва ўсіх у галаве. У вас і дакруцілася. Выпадковасць.
— Тое, што здарылася пазней (і раней), аніяк не было выпадковасцю. Хаця вы і яшчэ некалькі разоў нарываліся на выпадковыя неспадзяванкі.
— З вамі, — сцвярджальна сказаў ён.
— Чаму такая ўпэўненасць? — спытаў Шчука.
— Ды чаго мы тут стаім? — сказаў гаспадар. — Праходзьце ды сядайце.
Мы размясціліся на нешматлікіх сучасных рэчах у гэтай хаце, на крэслах і на тахце каля чайнага століка. А з усіх бакоў на нас выскалялі морды дужа несучасныя скульптуры і маскі, пагражала яшчэ больш несучасная зброя. Адчуванне было, як у запрошаных на вячэру да людаедаў.
|< Пред. 417 418 419 420 421 След. >|