Страница:
418 из 453
— Як адзін дужа культурны, у інстытуце культуры выкладаў, цытаваў Рылеева: «Кудаты ведешь нас? Не видно ни зги!»
— Ясна куды, — сказаў Хілінскі, — на каньяк. Да сябе ў госці.
Я не збіраўся іх весці ні на які каньяк, тым больш да сябе. Яшчэ чаго не хапала? Гэта значыць, я ім каньяк, у падзяку за тое, што яны мяне будуць пашываць у дурні. Ды яшчэ адчуваючы поўнае задавальненне.
— Куды ты? — сказаў Шчука. — Да вас жа вышэй паверхам.
Але дзверы ўжо адчыніліся на мой званок, і ў светлым прамакутніку на фоне масайскіх шчытоў і дагамейскіх дзідаў узнікла постаць Вітаўта Шапо-Калаур Лыганоўскага.
Разумнае, крыху з'едлівае аблічча. У вачах іронія і дасціпнасць. Больш за ўсё мне хацелася б у гэтую хвіліну сказаць:
— Падымаемся. Ёсць гамерычны каньяк.
Замест гэтага я сказаў з выглядам, нібы напярэдадні, скажам, выспаўся ў яго на дачы. І не ў ложку, а абрыдліва п'яны на клумбе з яго ўлюбёнымі ружамі: і ў самога паўсюль стрэмкі, і чалавеку хаця ў вочы не глядзі.
— Вечар добры.
Нешта дзіўнае з'явілася ў яго вачах, калі ён паглядзеў у мае. Пільна, нібы пранікаючы. А пасля тое нешта пачало аддаляцца, знікла. Зразумеў.
— А-а, вы ўсё ж прыйшлі, Косміч. Не чакаў так… позна. То бы рана…
Ён заўважыў Хілінскага і Шчуку:
— І вы тут… Добра, заходзьце.
— Усё ж мы прыйшлі, — сказаў я.
— Што ж, хоць і не чакаў (а, гледзячы на вас, варта было чакаць) — рады. Недаацаніў мазгі сучасніка.
Ён казаў гэта з іроніяй. А ў вачах жыло нешта глыбокае, нібы злавеснае.
|< Пред. 416 417 418 419 420 След. >|