Страница:
452 из 453
Будзе і ў нас на сходах спачатку віск, а пасля й заравуць, як сірэны.
— Ах, чорт, — Хілінскі раптам стукнуў кулаком па сталешніцы. — Падлюга, дурань няшчасны. Меў ты рацыю: які матэрыял прапаў… Разумны, дасціпны, адукаваны, бывалы, таленавіты, як чорт. Ведаеш, які лекар? Казалі калегі — цар і бог. Адным веданнем псіхікі чалавечай больш рабіў, чым іншыя разнымі там рэзерпінамі і серпазіламі. І так не змагчы, так паскудна распарадзіцца ўласным жыццём! Патрэбныя яму былі тыя струхнелыя рэліквіі, даўно знішчаная слава роду. Такі лекар, такі чалавеказнаўца! Мала яму было гэтага для самапавагі… З атрэб'ем звязаўся, з пазаддзем, з падонкамі. І сам стаў падонкам. У, асёл!
Выпілі яшчэ трохі. І я са здзіўленнем убачыў, што мой «нязломны» сусед крыху захмялеў.
Глядзеў на партрэт у авальнай раме. Ніколі я не бачыў такога значнага твару. І такога прыгожага адначасова.
І ў Адама так змяніўся твар, так задрыжалі вусны, што я не здзівіўся б, каб ён, упершыню на маіх вачах, заплакаў.
— Помста ўсё ж ёсць, — глуха сказаў ён. — Ёсць. За кожную кроплю крыві, за кожную слязу. Не цяпер, дык заўтра. Не самому, дык нашчадкам. Іхні суд, або суд сумлення, — помста ёсць. Яна не спіць. І запісвае ў кнігу лёсаў, і абурваецца на галаву злачынцаў або дзяцей іхніх разорам, бядой, вайной. І нікому не ўцячы. І я ўпэўнены, і гэта дае мне сілу жыць — рыгнецца яна і тым, хто яе забіў. Страшна рыгнецца. І толькі гэта дае мне сілу жыць, думка, што я, наколькі сіл слабых хопіць, памагу запабягчы гэтага на будучае.
|< Пред. 449 450 451 452 453 След. >|