Страница:
450 из 453
Пад каронкамі верхніх клыкоў хірургічным метадам была зашытая маленькая капсула з атрутай. Даўно. Можа, яшчэ пры немцах. Мала чаго ён мог ад іх спадзявацца. І вось прыдалася. Лыжкаю, як рычагом, націснуў і раздушыў. Моцна, відаць, даводзілася ціснуць — зламаў два ніжнія разцы.
— Хто яму тады зрабіў такое?
— А хто цяпер можа гэта зведаць?… Значыць, чакаў, ведаў, што кожнай вяроўцы бывае канец. І ведаеш, чамусьці нават шкада… Вось гэты быў з вартых ворагаў. Не смоўж нейкі. З такімі цяжка і небяспечна, але й прыемна мець справу.
Сядзеў, выпрастаўшыся ў крэсле. Нават у нізкім крэсле — высокі, сівы. І зараз не містэр Сміт і не славянская храпа, а проста паджылы, стомлены чалавек. Між гэтых паліц з кнігамі, мноства з якіх ён, мабыць, не паспее перачытаць.
Сухі твар з абвіслымі павекамі. У гожай мужчынскай руцэ пачаты келіх.
— Яшчэ і жартаваў у апошнюю гадзіну. Нібы намякаючы: «Гэта называецца: урэшце пасля празмернага зацікаўлення гісторыяй перайшоў да цеснага кантакту з сучаснасцю».
— Змоўкніце, Адам.
Ён моўчкі згадзіўся са мною. За акном свяцілі праз шаты ліпаў начныя агні, якіх апошні Альшанскі ўжо не мог бачыць. І міжволі думалася, што некалі іх не ўбачым і мы. Якое глупства перад гэтым былі ўсе намаганні, прывілеі, скарбы, улада над душамі і целамі?! Якое гэта ўсё было тройчы клятае глупства!
— Я павінен быў прадбачыць, — сказаў Хілінскі.
|< Пред. 448 449 450 451 452 След. >|