Страница:
449 из 453
І тут ясна, што не за дурацкімі шахматамі трэба было сядзець, а недзе ў лесе ля вогнішча. Над ракою. Чысціць рыбу на вясле, абдзіраць цыбулю, скрэбці бульбу.
Словам, усё, што хочаце, толькі не гэта.
— Ну што, па малому каньяку? — прапанаваў Хілінскі, раптоўна змяшаўшы фігуры.
— Адзін з польскіх, здаецца, дэтэктываў так і пачынаўся: «Капітан піў усё, акрамя какавы».
— Дрэнны пачатак, — сказаў Хілінскі. — У нас бы яго рэдактар неадменна зарэзаў.
— Вып'ем за рэдактараў, якія разумеюць гумар.
Выпілі. І зноў нібы праляцеў над намі ціхі анёл, а прасцей кажучы, нібы нарадзіўся недзе злодзей.
— Ты чаму не пытаеш, чым уся гэтая гісторыя скончылася? — раптам спытаў Адам.
— Мяне яна перастала цікавіць. Ведаю, скончыцца яна так, як трэба. І кожны атрымае, чаго заслужыў. Я зрабіў што мог. Проста ў памяць аб усіх гэтых людзях, што адышлі заўчасна. Цяпер ужо гэта справа іншых. І я сярод іх не маю гонару быць.
— Альшанскі атруціўся ў камеры, — глуха сказаў Хілінскі. — Тыдзень назад. Мне Шчука казаў. І апошнія словы ў паказаннях былі такія: «Больш не маю чаго сказаць. Пражыў большую частку свядомага жыцця і пражыў яго дарэмна, не зрабіўшы, акрамя пачатку дарогі, амаль нічога людскага. Магчыма, больш сурова, чым вы судзіце мяне, я суджу сябе. І асуджаю. На смерць».
— То што ж, адкуль атруту здабыў? Не аглядалі?
— Аглядалі. Гэты чалавек казаў праўду аб магчымасці пайсці прэч, калі толькі захоча.
|< Пред. 447 448 449 450 451 След. >|