Страница:
49 из 453
Застануся ды паспрабую выкупіць. Што ўжо! Награшыла, то выкупляй. Хопіць з усім гэтым. Буду так дажываць, дый чаго яшчэ трэба. Зорак з неба ён, ясна, не хапае, але добры, сумленны, просты. Няхай так. Час змірыцца, Зоечка.
Сказала неяк так ціха і сумна, што душу маю перавярнула.
— Не трэба. Што ўжо там. Я горш за цябе вінаваты.
— У чым твая віна? Не, я свайго нікому не аддам… Ні добрага, ні ганебнага.
Усё ж, нягледзячы на ўсе непрыемныя рысы, былі ў ёй і ўнутранае сумленне, і розум, і боль не зусім шчаслівага чалавека. Шкада мне было яе. Мабыць, таму, што яшчэ крыху кахаў.
— І ты не мучайся. Хай будзе ўсё як ёсць. Дрэнна хіба нам было ўсе гэтыя месяцы? — спытала яна.
— Добра было, — усё прымаючы, сказаў я.
— Ну вось, дадзена, значыцца, было шчасце. Будзе што ўспомніць. Хіба мала? Іншыя таго й на нюх не зведаюць. Ну… ну… чаго ты?…
Пагладзіла мяне па галаве. Гэты дотык маленькай рукі прымушаў мяне ў свой час аж шалець ад імкнення да яе. Зараз ён аддаўся толькі болем.
— Вось бачыш, значыцца і сапраўды канец. Ладна. Ты толькі не будзеш супраць, калі я часам усё ж буду заходзіць?
— Чаго б гэта я быў супраць?
— Не бойся. Проста так. Адагрэцца.
— О-ох, што ж гэта ўсё ж такі мы нарабілі!
Яна паклала адну дасканалую нагу на другую, прыгубіла віна. Твар яе ў святле праз абажур таршэра быў залаты, мяккі і вельмі сумны.
— Я раней, чым ты, забыла, што ні на што не маю права. І што табе было думаць пра маю рэпутацыю? Ты ж нічога не ведаў.
|< Пред. 47 48 49 50 51 След. >|