Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 48 из 453

І я ўрэшце разгледзеў непамернае жаданне жыць, толькі адбіраючы даброты і нічым не плацячы жыццю і людзям, нястрымную прагу ўцехаў, што б там ні было вакол, як бы кепска ні было вакольным.

Урэшце, ці яна адна такая з жаночага племя? Гэта яшчэ не прычына, і за гэта не перастаюць кахаць. Часам, наадварот, яшчэ больш кахаюць. І мучаюцца. Як мучыўся я.

Толькі пасля сябар, Алесь Гудас, той, што падаваў мужыкам у акно шклянку, убачыўшы, што я крыху ацверазеў, сказаў мне, што не хацеў гаварыць мне, пакуль я аслеплены, а што цяпер скажа:

— Не з табою, брат, першым яна гэтага беднага Красоўскага падманвае. Такі хлопец, такі залаты хлопец — і на табе.

— Што ж не сказаў тады?

— А ты б не паверыў.

— І праўда.

— Не паверыў бы. «Закахалася жанчына». «Што ж што замужам?» «Бывае». «Гэта не свінства, а няшчасце».

— О-ох, ідзі ты, Алесь, да д'ябла!

— І ўвогуле, з-за яе Косціку непрыемнасць. Дый што ўжо ўзяць з чалавека, у якога лепшыя сяброўкі манікюршчыцы ды прадаўшчыцы.

— Ты што-небудзь маеш супраць прадаўшчыц?

— Нічога. Нават люблю. Толькі выбіраю дзеля размовы тэмы не толькі пра махеравыя кофты.

— Ведаю я, якія ты тэмы выбіраеш.

Пасмяяліся. І вось так, пакрысе, вельмі балюча, і пачалося маё вылячэнне. Але часам яна ўсё ж заходзіла, толькі я з усіх сілаў стараўся не заводзіць справу дужа далёка. Як зараз.

— Я тады разводзіцца думала, — раптам сказала яна. — А пасля падумала, што ўсё адно ты мне таго падману не даруеш. А раз так, то ў чым Косцік вінаваты? Любіць мяне, даруе многае.

|< Пред. 46 47 48 49 50 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]