Страница:
47 из 453
Тут яна мне пра ўсё і расказала і як гэтае найлепшае, сур'ёзнае прапанавала часам заходзіць нават тады, калі вернецца муж. Я толькі крэкнуў. І, можа б, нават і згадзіўся, таму што паспеў дужа прывязацца да яе. Але было нельга. Бо самым найвялікшым маім свінствам ва ўсёй гэтай гісторыі было тое, што я цудоўна ведаў яе мужа, Косціка Красоўскага. Цудоўнага хлопца, вернага сябра сваім сябрам, шырокага, незалежнага, душу ўсякай кампаніі, аматара пагуляць, сумленнейшага палеантолага і дабрэннага чалавека. Такога пакрыўдзіць — гэта павесіцца пасля трэба.
І я стаў аддаляцца, хаця, дальбог, дорага мне гэта каштавала.
Яркая бландзінка, вочы густа-сінія і халодныя, дзівосна выгнуты сакавіты рот, страйнюткая шыя, зграбныя ручкі, цела, якое аж гаворыць — ад высокіх грудзей да ног, якія ўжо самі сабою як мара кожнага мужчыны.
Чорт бы пабраў гэтыя розныя прозвішчы! Чорт бы пабраў гэтую немагчымасць ведаць, замужам жанчына ці не! Чорт бы ўзяў у гэтым сэнсе ўсіх нелетувісаў! Як добра было б. Знаёмішся. «Красаўскайтэ» — ну, значыцца, давай, галубок, калі яна не супраць. «Красаўскене» — ну і давай, любы, ад брамы ды прама. Тут участак застоўблены, і раз атрымаў аблізня, то йдзі ды аблізвайся, не з тваім яловым рылам мёд піць.
Суцешыла мяне ва ўсёй гэтай гісторыі толькі тое, што яна, убачыўшы маё аддаленне, скінула — мабыць, па дурасці — маску зычлівай, адданай, пакорлівай кабеты.
|< Пред. 45 46 47 48 49 След. >|