Страница:
7 из 453
І ўсё гэта — як быццам чакаеш найдарожшага спаткання, а яно чакае цябе, і сэрца замірае і падае. І незайманы, цнатлівы ліст паперы чакае першага пацалунка пяра.
Званок!
Я ўнутрана вылаяўся. Але стол быў прыбраны, і чакаў, і мог чакаць да заўтра, і, можа, гэта было яшчэ лепей, як лепей чакаць дарагога спаткання, каб даўжэй адчуваць лікуючую непатольнасць. Легчы спаць, ведаючы, што «заўтра» прынясе першую — заўсёды першую! — радасць, і прачнуцца з адчуваннем гэтай радасці, і ўстаць, і ўзяць яе.
Да таго ж званок быў знаёмы, «толькі для сваіх». Дый хто пацягнуўся б некуды з хаты ў такую сабачую золь без пільнай патрэбы.
Я адчыніў дзверы. На пляцоўцы стаяла, дыгаючы, як жораў, нагамі, худая тонкая постаць у цёмна-шэрым паліто, саматканым клятчастым шаліку, тоўстым, як коўдра, і ў бабровай шапцы.
Бабёр гэты ад расталага снегу, шчыра кажучы, дужа нагадваў кошку пад дажджом. Вярнуўся ў родную стыхію.
— Заходзь, Мар'яне.
Ён нібыта юкнуў у перадпакой, ляпнуў за сабою дзвярыма, уздыхнуў і толькі тады сказаў:
— А быці таму палацу княскаму багату, як касцёл, дый надалей фундаваць касцёлы.
Мы з ім любілі часам паразмаўляць «у стылі барока». Але на гэты раз жарт у яго не атрымаўся: занадта бязраднай была ўсмешка, занадта няўпэўнена расшпільвалі паліто худыя доўгія пальцы.
Гэта быў Мар'ян Пташынскі, адзін з нямногіх маіх сяброў, «ларнік* вучоны» і сапраўды адзін з лепшых у краіне знаўцаў архіўнай справы, вядомы, праўда, значна больш як калекцыянер-аматар.
|< Пред. 5 6 7 8 9 След. >|