Страница:
94 из 453
А нашто?… Не, з гэтага канца нічога не выходзіць… Карэнні скрылі пачатак. Дрэва з карэннямі… Стоп! А чаму дрэва? Пра дрэва нідзе не сказана!… І ўрэшце існуюць на свеце амонімы… Так… Ну, ну… Карэньчык можа быць не толькі ў дрэва… Карэньчыкі могуць быць тытунёвыя… Карэньчык можа быць… у… кнігі. У кнігі, чорт пабірай! У кнігі!»
Я кінуўся да стала, дзе ляжала кніга. Я не мог пачакаць, не мог абдумваць усё гэта далей. Таму што яшчэ аднаго расчаравання я не вынес бы. Я страшэнна баяўся і адначасова нібы загадзя — і цвёрда — ведаў, што не памыляюся. Бо я быў ідыёт, які нават не здагадаўся, што лепш за ўсё можна замаскаваць рэч на вачах ва ўсіх.
Карэньчык шчыльна прылягаў да аркушаў, але не быў прашыты ніткамі, і гэта мяне крыху супакоіла. Я ўзяў жалезную лінейку і пачаў асцярожна прасоўваць яе за карэньчык. Лінейка ўваходзіла дужа павольна і з ціхім патрэскваннем: аддзіраўся клей. І гэта было так, нібыта сталёвы ланцэт з патрэскваннем рэзаў маю ўласную плоць. Ну так, гэта было варварства, ясна, але я не мог болей чакаць. І я не рэзаў па кнізе, а проста адсоўваў гэтую рудую скуру, хай сабе і аддзіраючы прыклеенае. Пасля склею зноў. Грунтоўна і старанна.
Ён, урэшце, адстаў. Я зірнуў у прасвет і заўважыў, што там нібы нешта жаўцее. Дзе пінцэтам, а дзе і пальцамі я цягнуў, варушыў і паступова выцягнуў гэтае жоўтае…
…І амаль крыкнуў, уражаны, калі на стол перада мною лягла, урэшце, складзеная ўдвая стужка пергаменту.
|< Пред. 92 93 94 95 96 След. >|