Страница:
95 из 453
Доўгая стужка, на якой былі раскіданы літары, напісаныя старажытным, чорным і парудзелым атрамантам. Інкаўстам, як называлі яго продкі ў тыя часы.
Я тут жа змераў пергамент. Даўжынёю ён быў, як разгорнеш, у 63 сантыметры, шырынёю — у 49 міліметраў. Літары былі раскіданы, як ім хацелася, але нават там, дзе яны складалі радок (заўсёды пад пэўным вуглом да палоскі), — я нічога не мог зразумець. А між тым гэта не магло быць адвольнай камбінацыяй знакаў, бо суседнія радкі гучалі так:
ZІN РЯЪ ХМНВ FІNІS.
Прынамсі, адно слова Finis было зразумелае. І слова тое было лацінскае. І азначала яно «канец». Але варта было перайсці да суседніх кавалкаў, напісаных родненькай нашай кірыліцай, і адразу выходзіла лухта накшталт такога:
Скажыце, вы чулі калі-небудзь пра слова, якое пачынаецца з цвёрдага знака, або пра цвёрды знак, які выгодна размяшчаўся пасля галоснай? Я — не.
І я чытаў, і ўсё гэта гучала, як у звар'яцелага рабіна, што чытае беларускую кнігу на яўрэйскі манер, з канца.
А чорт! А чаму і сапраўды не ўявіць, што гэта напісана «з канца», наадварот. Скажам, метадам, які тады лічыўся дасканалай шыфроўкай, а цяпер перайшоў у карыстанне дзяцей, калі яны гуляюць у таемныя суполкі.
Тады першай літары алфавіта павінна адпавядаць апошняя.
А — гэта я, а я — гэта а.
Гм, вось і адпаведныя кавалкі «яа». І яшчэ «яа». І яшчэ. Значыць, гэта «ая». Падобна на тое, што канчаткі прыметнікаў жаночага роду, тыпу «тоўстая», «дурная». Ну што ж, у гэтым нешта ёсць.
|< Пред. 93 94 95 96 97 След. >|