Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 96 из 453

Цалкам магчыма, што гэта і ёсць дзіцячыя хітрыкі «літарэі», калі алфавіт дзялілі напалам, першую палову пісалі злева направа, а другую справа налева, пад ёю, і пасля замянялі літару з верхняга радка літарай з ніжняга і наадварот.

Што ж, паспрабуем і мы.

Колькі ж гэта ў яго было літар у старабеларускім алфавіце? Ну, у часы Кірылы Тураўскага было сорак дзве. Але нават ужо ў той час амаль не ўжывалася літара ђ — дзерв. А ўжо да XVІ стагоддзя і пагатоў.

Шыфравальшчык наўрад ці ўжываў яшчэ й такія знакі, як юсы простыя і ётаваныя. Выкраслім і іх. Літары «от», «ксі», «псі» не былі ў пашане ў старажытных беларусаў, асабліва ў мірскіх дакументах. Продкі вызначаліся рацыяналістычнасцю і схільнасцю спрашчаць непатрэбна складаныя рэчы. Што ім было ў аўтаматычна перанесеных з грэчаскага алфавіта знаках? Падумаеш — «ксі» ў слове «Аляксандр»? Можна і дзвюма літарамі напісаць.

Я доўга думаў над тым, ці ўжываў мой чалавек такія літары, як «зяло», «і дзесяцірычнае», «фіта», «яць» і г.д. І вырашыў, што не ўжываў. Замест іх цалкам можна ўжыць звычайныя з і ф. А яму трэба было як мага спрасціць сваю справу.

Такім чынам, складзены мною «алфавіт шыфравальшчыка» набліжаўся да сучаснага беларускага алфавіта, з тым выключэннем, што ў ім не было літар э (яе ў той час увогуле не было) і, вядома, ў.

|< Пред. 94 95 96 97 98 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]