Литаратурныя творы з казачными матывами (на белорусском языке) :: Автор неизвестен
Страница:
56 из 75
Чаму ён не згадзiўся iсьцi зы мною празь лес? Цяпер я зразумеў, што Галас, напэўна, счуў воўчыя сьляды, калi ён так доўга затрымаўся каля першых хвояў, адкульi вярнуўся дадому. Мне стала маркотна i сьцiшна. А гэта дубiнка, якою я так казырыўся на печы, здалася мне проста сьмяхотнай.
Я прайшоў яшчэ крокаў сто. Па правай руцэ цягнуўся ельнiк уперамешку з маладымi хвоямi, а зь левага боку пачынаўся бярэзьнiк. Тут пачыналася дарога на Млыновiшча.
I толькi зiрнуў я ў кут мiж гэтых дарог, як адразу спынiўся i аслупянеў. Валасы на галаве сталi падымацца i расьцi, шапка насунулася на вочы, а ногi страцiлi здольнасьць руху. Скура на мне шорхнула, сэрца замлела...
Сярод старых бярэзiн, нагнутых тоўстымi камлямi над зямлёю i абросшых сiвым мохам, стаяў зьвер! Зьвер гэты быў нязвычайнай вялiчынi. Асаблiва вялiкай была яго галава i наагул увесь перад. Масьцi ён быў шэрай, шэрсьць меў кудлатую i доўгую. Першы момант аняменьня i адзервяненьня прайшоў, i думкi мае пачалi крыху варушыцца. Я навет перастаў адчуваць уплыў страху i цiхенька, зусiм бяз слоў, засьпяваў пра сябе песьню:
Ходзiць сьвекар па двару,
Расчасаўшы бараду.
Чаму яна, гэта песьня, прыйшла цяпер мне на памяць, я не магу растлумачыць.
А зьвер стаяў на адным месцы, загарадзiўшы мне дарогу. Ён стаяў нярухома, толькi зрэдку, i ледзь прыкметна, варушылася яго страшная галава i вялiзарныя вушы. Думкi аб тым, як разьмiнуцца з гэтым зьверам i як занесьцi дзядзьку полудзень, у мяне ня было, бо я цьвёрда ўпэўнены быў у тым, што далей таго месца, дзе я стаю цяпер, ня зрушуся нi на адзiн крок. Разгледзеўшы зьвера, я пераканаўся, што гэта быў воўк.
|< Пред. 54 55 56 57 58 След. >|