Литаратурныя творы з казачными матывами (на белорусском языке) :: Автор неизвестен
Страница:
64 из 75
Тым, хто сядзеў у гэты час над возерам i любаваўся жывым срэбрам яго дробненькiх скалак-хваляў i ўслухоўваўся ў iх музыку, давялося пабачыць надзвычай цiкавы малюнак: зь пясчанага i няглыбокага дна возера выпаўзалi на бераг дзiўныя зеленаватага колеру нейкiя iстоты, падобныя да вадзяных жукоў. Выпаўзшы з возера, жукi некаторы час нярухома сядзелi на цёплым пясочку... I тут, на вачах, зь iмi адбывалася дзiўная зьмена: шкарлупiна раськiдалася, спаўзала, i з жука выклёўвалася маладзенькая, далiкатная страказа з празрыстымi, бы сьлюда, крыльцамi.
Момант пасядзеўшы, яна разгортвала крыльцы i жвава падымалася ў паветра. Так нараджалася новае стварэньне. Праз пару хвiлiн цэлы рой розных рухавых стракозак закружыўся над возерам i яго берагамi i далёка над полем. Як радасна i весела пачыналася маладое жыцьцё! Здавалася, канца ня будзе яго радасьцi. Стракозкi мiтусiлiся ў паветры, ганялiся адна за другою, лавiлi камарыкаў, сутыкалiся ў паветры. Навет не заўважылi, як сонца пачало сьхiляцца на захад i ўсё нiжэй, нiжэй спускацца над зямлёю, а потым i зусiм схавалася за лесам. У паветры значна пахаладзела, пацягнула вiльгацьцю. Кропелькi яе сталi выступаць на празрыстых крыльцах стракозак, ад чаго i лятаць iм стала значна цяжэй. Страх агарнуў маладых стракозак, бо яны ня ведалi жыцьця - гэта быў першы дзень яго, першы дзень iх веку. Адна стракозка, абцяжараная кропелькамi расы, ледзь-ледзь даляцела да альховага кусьцiка, што стаяў над возерам, i прысела на яго лiсьцiк у самым зацiшным месцы.
|< Пред. 62 63 64 65 66 След. >|