Литаратурныя творы з казачными матывами (на белорусском языке) :: Автор неизвестен
Страница:
66 из 75
Магутны дуб, што стаяў над возерам, сумотна зашумеў сваiм шатрыстым верхам i сказаў:
- Беднае ты стварэньне, стракозка! Чаму ты загiнула бяз часу? А таму, што адным альховым кустом ня можна замыкаць i абмяжоўваць свайго жыцьця. На сьвеце ёсьць шмат прытульных куточкаў i сховiшчаў, дзе можна перачакаць i схавацца ад розных нягодаў.
Якуб Колас
ЖЫЎ-БЫЎ ВОЖЫК
Пачынаецца казачка так:
Жыў-быў вожык у лесе, а потым узяў ды памёр... Ды ня той, пра якога хачу расказаць, а другi, зусiм iншы - вялiкi, стары. А нашага Тупчыка тата злавiў у лесе i прынёс у кiшэнi дахаты. I гэта ня казка, а праўда.
Я быў тады яшчэ такi малы, што навет не хадзiў у школу.
Тупчык быў таксама малы, круглы, як шэры клубок, i калючы.
Тата вярнуўся зь лесу i сказаў:
- Ну, Лёнiк, я прынёс табе яблык.
Ад радасьцi я забыўся, што яшчэ вясна, што яблыкаў яшчэ няма, i ўсадзiў руку ў татаву кiшэню.
- Ай! - ускрыкнуў я, укалоўшы аб нешта пальцы. I хацеў ужо навет плакаць, але тата мой засьмяяўся.
- Дзiвак-чалавек, укалоў ды злуецца! - сказаў ён. - Ды гэта-ж лепей за яблык, ты паглядзi!
I ён выняў зь кiшэнi маленькi калючы клубочак.
Спачатку вожык наш нiяк не называўся. Ён навет разгортвацца не хацеў: як палажылi яго ў куточку, пад маiм ложкам, так i ляжаў. Не на голай падлозе, а на моху. Тата сьцягнуў граблямi iз страхi старога хлява тры купiны моху, паслаў у кутку, i вышла пасьцель.
Мох зялёны, пушысты i цёплы. А шэры клубочак ляжыць на iм i нiяк ня хоча разгортвацца.
|< Пред. 64 65 66 67 68 След. >|