Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 102 из 146

Цi то шабля худая, цi то рукi аслаблi... - скардзiўся ён часам на сваё няўмельства Мiколку.

I гэта, на яго думку, падрывала яму крыху аўтарытэт як слаўнага кавалерыста-рубакi. Але дзед не здаваўся. Ён усё намагаўся прылаўчыцца да шаблi. Цэлымi гадзiнамi сек лазовыя дубцы. Сек, праўда, у пешым страю. Нават дровы налаўчыўся шабляй сеч. Але калi толькi садзiўся на каня, усякi спрыт на шаблю праходзiў. А калi ўрэшце адважыўся дзед папрактыкавацца на канi, выйшаў адзiн толькi канфуз. Разагнаў ён каня, выхапiў маладзецкi шаблю i ну ёю махаць, каб ямчэй секануць па бярэзiне. Размахнуўся з усiх сiл, крактануў ды як секане, аж конь на дыбы ўзвiўся. Зiрнуў тут дзед, а ў каня толькi адно вуха матляецца. I хоць з адным вухам конь, але такога вялiкага спрыту ён набраўся, як сiгане, як падскочыць ды, наставiўшы хвост пiсталетам, як пусцiцца ў шалёны галоп - у дзеда аж дух захапiла.

Iмчыць дзед нi жывы нi мёртвы, толькi барада па ветру пасцiлаецца. I ў пору яму крыкнуць "ратуйце", але цi старому артылерысту паратунку прасiць. Ухапiўся за грыву, трымаецца. Але тут як падскочыць конь, як падкiне ўгору заднiя ногi, не ўтрымаўся дзед i лёгкай птахай узвiўся ў паветра. Добра яшчэ, што гарцаваў ён пад вялiкай бярозай. Так i ўчапiўся за сук, павiс на iм. Назiраючы за дзедавай джыгiтоўкай, Мiколка з жалем падумаў, што давядзецца яго бацьку быць сiратой, а яму, Мiколку, застацца без слаўнага таварыша. Але, угледзеўшы дзеда на суку, узрадаваўся i, пад'ехаўшы з каламажкай, дапамог яму злезцi на зямлю.

|< Пред. 100 101 102 103 104 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]