Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 103 из 146

Стары быў зусiм разбiты, скардзiўся на паяснiцу, але духам не падаў i ўрачыста тлумачыў Мiколку:

- Хiба ж гэта конь? Гэта ваўкарэзiна, а не конь, не можа седака на сабе ўтрымаць... Вось у турэцкую вайну былi конi ў нас, дык конi.

Хаця Мiколка быў трохi iнакшых думак пра коней i пра седакоў, але тут не пярэчыў. Не хацеў крыўдзiць старога. Тым больш што ў таго i так хапала тут непрыемнасцей. Набегаўшыся ўволю, яго скакун з'явiўся назад, з'явiўся аднавухi, з абкарнаным хвастом. Усе, усмiхаючыся, зiрнулi на кавалерыста, сёй-той запытаўся:

- Што-та сталася з тваiм стаеннiкам?

Не мiргнуўшы вокам, дзед адказаў:

- Ды, няйначай, дзе за сук засiлiлася жывотнае, ну... i адарвала слыхавы орган.

Дзед любiў пры зручным выпадку ўжыць навуковае слова.

Змаўчалi ўсе. Каму было ахвота крыўдзiць такога слаўнага рубаку. Толькi Сёмка-матрос, хiтра падмiргнуўшы, запытаў яго:

- Цi цэлы хаця сук той?

Гэта завельмi ахаладзiла дзеда да кавалерыйскай справы. А тут яшчэ падвярнулiся такiя падзеi, што дзед хоць i атрымаў перамогу над немцамi, але канчаткова рашыў перайсцi да пяхотнай справы. I не тое каб пешака хадзiць, скажам, але каб не кiдацца болей з дзедавым слабым здароўем у кавалерыйскiя атакi.

Неяк давялося дзеду паехаць раз у разведку. Паехалi ўтрох: Сёмка-матрос, Мiколка i дзед. Чуткi былi, што ў блiжэйшых вёсках грабяць нямецкiя коннiкi. Паехалi праверыць, цi праўда то, каб у выпадку патрэбы наляцець з атрадам. I толькi выехалi на ўскраек лесу, бачаць - едуць чалавек з восем нямецкiх кавалерыстаў.

|< Пред. 101 102 103 104 105 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]