Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 12 из 146

Трымаючы адной рукой штаны, каб не ўпалi без папружкi, ён грозна размахваў другой рукой i наступаў на Мiколку:

- Я табе пакажу, як дзеда ў манюкi залiчваць! Я табе пакажу, як бэсцiць героя турэцкай вайны, старога мiкалаеўскага ваяку, якi, можна сказаць, вось гэтай слаўнай рукой сотнi ворагаў пабiў - батальёны турак палажыў.

- А ты ж казаў, дзеду, дывiзii, а не батальёны! - кiдаў Мiколка i спешна ўцякаў з вагона, хаваючыся за блiзкай стрэлкай. Дзед туды не пабяжыць. Нязручна яму скакаць цераз рэйкi, ды i небяспечна для адзення, яшчэ згубiш без папружкi. Таму дзед станавiўся звычайна ў дзвярах вагона i, патрасаючы кулаком, заводзiў доўгую дыскусiю з Мiколкам. Мiколка агрызаўся:

- Ты, дзед, камара не заб'еш, не толькi што турка!

- А за што медалi мне дадзены?

- Як за што? А за лягушак...

- За якiх гэта лягушак? - здзiўляўся дзед, заўсёды забываючы гэты жарт над iм.

- А за тых лягушак, якiх ты ганяў з-пад пушак...

Сказаўшы гэта, Мiколка лiчыў за лепшае адступiць яшчэ на адну пазiцыю, падалей ад вагона.

"Хоць дзед звычайна i не ганяецца ўслед, але ўсё можа быць, - думае Мiколка, адыходзячы далей i ўжо шкадуючы дзеда. - Вiдаць, перабаршчыў я крыху... Угневаецца цяпер дзед не на жарт..."

I сапраўды, дзед набiраўся вялiкага гневу. Гэта ж жартачкi, усумнiцца ў яго былой храбрасцi. I хiтры дзед мяняў тактыку. Ён i вiду не паказваў, што ўкрыўджаны. Ён завiхаўся ля чыгуннай печкi, шчапаў лучыну, адным словам, займаўся мiрнымi гаспадарчымi справамi.

|< Пред. 10 11 12 13 14 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]