Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 14 из 146

Распатрашу пад карцеч!

Так асвойваў Мiколка артылерыйскую справу. I бачачы, што не паласа, пачынаў iсцi на мiравую:

- Даруй, дзеду, здаюся!

- А, здаешся, даўней бы так! Гавары, хто такi я ёсць?

- Герой турэцкай вайны...

- Ну?

- I iмператарскiх ордэнаў...

- Ну?

- Смешна, дзеду!

- Што ты смешнага тут знайшоў, супастат?

- Ну, кавалер... ордэнаў кавалер. Вунь у стрэлачнiкавай Зоськi ёсць кавалер, дык той малады. А тут дзед - ды кавалер. Смешна!

- Усё табе смешна... - ужо мякка крыўдуе дзед i кiдаецца ў сумныя развагi: - Малы ты, не разумееш нiчога, якi кавалер i да чаго. Як бачыш, з'яўляюся я ўласнiкам двух ордэнаў, а гэта, значыцца, i ёсць па-iмператарску кавалер... А медалi гэтыя дадзены мне за праяўленую ў баях выключную храбрасць.

- А хто кажа, што не? - угаворвае i Мiколка. - Вядома, за храбрасць... Храбрэй цябе, дзеду, няма, мусiць, на ўсiм свеце? - падлабуньваецца Мiколка да дзеда.

А гэта дзеду, што лыжка мёду. Аж сядзе на зэдлiк i важна сiвую бараду разгладжвае. Трохi яна няроўная ў яго - адна палавiна густая, другая рэдкая. I медалi выне са скрынкi, унуку пакажа:

- Бачыш, гэта цар Мiкалай... А тут вось i напiсана: "За храбрасць!"

- А чаму ў цара барада смешная, на шчацэ канчаецца?

- Гэта не барада, дурань, а бакi.

- А чаму бакi?

- "Чаму, чаму"... Таму... У мужыка барада, а ў пана бакi. Усе генералы i афiцэры такiя бакi насiлi. Некаторыя i салдаты, каторыя спрытнейшыя, таксама бакi насiлi.

|< Пред. 12 13 14 15 16 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]