Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 21 из 146

Не было тых iржавых лядовых сасулек, што вiселi зiмой пад дышламi, пад цылiндрамi, не было намёрзлага бруду, копацi. Паравозныя бакi льснiлiся на сонцы i дрыжалi, гатовыя ўздыхнуць на ўсю моц сталёвых цылiндраў i панесцiся ўдалячынь хутчэй ветру i птушкi.

А ў небе курлыкалi журавы i паблiсквалi на сонцы, нiбы нехта сарваў з тэлеграфнага слупа нiзку фарфоравых iзалятараў i кiнуў iх высока-высока ў блакiтныя безданi неба.

Хораша вясной! I дыхаць лягчэй, i на нагах неяк цвярдзей становiшся. I цяплей куды робiцца. I не трэба дзень пры днi сядзець у цесным вагоне i дыхаць цяжкiм смуродам ад каменнага вугалю ў жалезнай пячурцы. I дзеду вальней. Выйдзе з вагона, усядзецца на штабель шпал, размiнае пад сонцам старыя косцi i турэцкую вайну ўспамiнае. А калi дзед прымецца за турак, то звычайна каля яго i Мiколка ацiраецца.

- Ну дык што ж, дзед, час ужо нам з табою на паляванне рушыць!

- А што ты думаеш! Вось абсохне зямля, тады i пойдзем...

Прыйшоў i доўгачаканы дзень. Дзед урачыста зняў са сцяны стрэльбу, узброiўся абцугамi i доўга раскручваў дрот, не падпускаючы нi на крок Мiколку.

- Яшчэ, чаго добрага, пекане, дык лепш адыдзiся!

Але стрэльба трымала сябе спакойна. Развязаўшы дрот i дастаўшы капшук з порахам i пiстонамi, дзед з Мiколкам рушылi ў паход. Гукнулi з сабой i невялiчкага сабачку Жэўжыка. Жэўжык быў рад такому выпадку i, наставiўшы хвост пiсталетам, важнецка бег перад паляўнiчымi, старанна абнюхваючы кожны слупок, кожны пянчук.

|< Пред. 19 20 21 22 23 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]