Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 41 из 146

Ледзь жывога вярнулi яго ў вагон да дзеда, да мацi, да бацькi. Ахнулi яны, жахнулiся. Раздзелi Мiколку, цёплай вадой пабоi змачылi. Дзед прыгледзеўся, збялеў аж:

- Глядзiце-ка, па ўсяму целу нiбы царскiя арлы павыбiвалi, няйначай хто казённай банькай стараўся...

А назаўтра дзед, узброiўшыся сукаватым кiем, пайшоў на станцыю i, напаткаўшы жандара, збiў яго на горкае яблыка. Патрушчыў i шаблю i пiсталет паламаў. I хоць уся станцыя i ўсё дэпо падтрымалi голасна дзеда пры гэтай баталii, аднак на другi дзень арыштавалi дзеда i пасадзiлi ў турму. Праўда, праз месяц якi выпусцiлi дзеда, з прычыны яго старасцi, на волю, але са службы ў дэпо прагналi як "небяспечнага злачынца". Дзед спрабаваў пахвалiцца крыху, што таму выпусцiлi яго з турмы, што ён герой, што ў яго два медалi за турэцкую вайну. Бацька слухаў гэтую пахвальбу ды папракаў дзеда:

- Кiнуў бы ты, стары, свае турэцкiя байкi. Герой! Не нам з табой пакуль што ў героях хадзiць, i медалi веку ў цябе ўварвалi... Аддаў бы лепш малому на цацкi, чымся вешаць гэтыя бразджолкi на грудзi...

Маўчаў дзед, не адказваў нiчога. Але, вiдаць, згаджаўся з сынам. I, вiдаць, галоўная прычына гэтай згоды была ў царскiх арлах, што павыбiвалi жандары на Мiколкавым целе.

Так пазнаёмiўся Мiколка з царом.

Так пазнаў яго.

|< Пред. 39 40 41 42 43 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]